У 1904 г. у в. Малая Лапеніца Ваўкавыскага павета нарадзіўся паэт, крытык, празаік Павал (Паўлюк) Захаравіч Шукайла.

У першай палове 1920-х гадоў удзельнічаў у падпольным рэвалюцыйным руху ў Зах. Беларусі. Прыкладна ў 1923 г. стаў членам КПЗБ. У канцы 1924 г. або пачатку 1925 г. перайшоў польска-савецкую мяжу. Далучыўся да дзейнасьці літаб‘яднаньня «Маладняк». У 1925 выехаў у Слуцак, дзе арганізаваў філію «Маладняка», быў рэдактарам акруговай газэты, спрыяў выпуску літаратурнага альманаху. Неўзабаве перабраўся ў Расоны, працаваў сакратаром райкаму партыі, удзельнічаў у рабоце Полацкай філіі «Маладняка». Адначасова быў старшынём камісіі па праверцы ходу беларусізацыі ў раёне. У 1926 прыехаў у Менск, паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ. Стаў ініцыятарам стварэньня новага літаб‘яднаньня «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». У крытычных артыкулах быў непрымірымы да сваіх літаратурных апанэнтаў. У 1928 адкамандзіраваны на вучобу ў Камуністычную акадэмію ў Маскве. У 1930 скончыў пры ёй Інстытут чырвонай прафэсуры. У 1930-31 працаваў загадчыкам катэдры мэтадалёгіі мастацтва ў Інстытуце кінематаграфіі. Да 1931 кіраўнік Беларускай сэкцыі Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. Быў рэдактарам газеты «Кино» (Масква), дырэктарам Цэнтральнага тэхнікуму тэатральнага мастацтва. Арыштаваны ОГПУ СССР у вер. 1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Яму ўдалося адвесьці ад сябе абвінавачаньні, справа была спыненая. З 1932 у Ленінградзе, віцэ-прэзыдэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Прафэсар (1933). З 1936 зноў у Маскве.

Шукайла другі злева

Паўторна арыштаваны 1 лістапада 1938 г. Па адной з версій, быў уключаны ў спіс «актыўных удзельнікаў контррэвалюцыйнай праватрацкістцкай, змоўніцкай і шпіёнскай арганізацыі» (931 чалавек), прадстаўлены Берыяй і Вышынскім 8 красавіка 1939 г. для санкцыі расстрэлу 198 чалавек і асуджэння 733 чалавек да зняволення ў лагер на тэрміны не менш 15 гадоў. Санкцыя аформлена як рашэнне Палітбюро № П /217 ад 8 красавіка 1939 г. за подпісам Сталіна. Сам спіс пакуль не знойдзены. Вінаватым сябе не прызнаў. Прысуджаны да расстрэлу 13 красавіка 1939 г. Расстраляны і пахаронены на могілках «Камунарка» у Маскоўской вобласці. Рэабілітаваны 14 красавіка 1959 г.

Фота arche.by