Сёння — Дзень Волі

Дзень Волі – неафіцыйнае свята, якое адзначаецца 25 сакавіка часткай беларусаў і зьвязанае з абвяшчэннем у гэты дзень у 1918 годзе незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (Трэцяя Устаўная грамата). Гэта падзея ёсць вытокам беларускай дзяржаўнасці.

У 1919-1939 гг. урачыста адзначалі ўгодкі абвяшчэння БНР у коле беларусаў, якія апынуліся на землях, падуладных Польшчы (Заходняя Беларусь). Галоўныя ўрачыстасці адбываліся звычайна ў Вільні. Актыўны ўдзел у іх арганізацыі бралі прадстаўнікі БХД і іншых арганізацый.

З пачатку 1990-х гадоў у Менску і іншых гарадох Беларусі праводзяцца палітычныя акцыі, мітынгі, шэсці, прысьвечаныя гэтай даце.

Сучасная форма назвы свята з’явілася ў апазіцыйным беларускім друку ў пачатку 1990-х гадоў.

Адпаведнікам гэтага свята ў беларускай дыяспары ў ЗША з’яўляецца Дзень незалежнасці. Намаганнямі беларускіх арганізацый у ЗША пасля 2-й сусветнай вайны сенатары, губернатары і мэры адпаведных адмінастрацыйных адзінак неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў шэрагу штатаў і гарадоў; неаднаразова праца Сенату і Кангрэсу ЗША пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім святаром.

На жаль, далёка не ўсё ў сучаснай Беларусі складваецца так, як марылі аўтары Трэцяй Устаўной Граматы, ідэалы БНР па-ранейшаму застаюцца ідэаламі, і свята 25 сакавіка ў Беларусі адзаначаецца не так, як таго б хацелася. Тым не менш, гэта ніяк не змяншае яго значнасці для кожнага з нас.

Таму хочацца нагадаць пра тое, што Беларусь пачынаецца з кожнага з нас, з нашых думак, з нашых учынкаў, з нашай руплівай працы на карысць роднай Бацькаўшчыны. Жадаем усім шчырым беларусам моцнага здароўя, нязгаснай энергіі, веры ў сябе і свае сілы. Хай у Вашых хатах пануюць дабрабыт і згода, хай Вашая жыццёвая сцяжынка будзе прамой і сумленнай, хай заўжды хапае сіл не збочваць з аднойчы абранага шляху.

Разам мы здольныя пабудаваць краіну нашай мары – сапраўды беларускую Беларусь, вольную і дэмакратычную. Будзьма беларусамі і будзьма разам!

Жыве Беларусь!