Патэлефанавалі з адной царквы, запрасілі пачытаць вершы на свята.

Кажу: «Не дазволяць». Адказваюць, што дазволяць, дамовіліся. «Вайцюшкевіч, Вольскі, вы — вельмі добра праграма складваецца».

Узрадваўся: «Во! Можа, еўрапейскі вектар стаў дзейнічаць? Пачалі нарэшце аддзяляць паэзію ад палітыкі…»

Аказалася, не. Патэлефанавалі праз тры дні: «Выбачайце, не складваецца з вамі праграма…»

Гісторыя паўтараецца не першы, не дзесяты і нават не соты раз. Запрашаюць з бібліятэк, школ, прадпрыемстваў, потым ідуць па дазвол да мясцовых ідэёлагаў, якія кажуць: «Не!» І разводзяць рукамі: маўляў, мы тут не пры чым, спасылаючыся на нейкую паперу з адміністрацыі Лукашэнкі. Іх просяць тую паперу паказаць, а яны ў адказ: «Не паложана!»

Дык вось я наўпрост звяртаюся да Лукашэнкі, на якога спасылаюцца ягоныя ідэёлагі: калі такая папера ёсць, я хацеў бы ведаць яе змест? Бо гэта па сутнасці забарона на прафесію. На чым гэтая забарона палягае, чым абгрунтаваная? Калі такой паперы няма, тады на якой падставе мне, прафесійнаму літаратару, не даюць магчымасці друкавацца ў дзяржаўных выданнях, выступаць па радыё, тэлебачанні, сустракацца з маімі чытачамі?..

Прасцей сказаць: колькі яшчэ мяне будуць цкаваць?

Як Быкава, да смерці?

Уладзімір Някляеў