Шаноўныя дарослыя! Што рабілі вашы дзеці 17 лістапада?

Можа яны прынялі ўдзел у раённым этапе школьных алімпіяд?

Ці змагаліся на этапе кубка Ваўкавыска па спартыўнаму арыентыраванню, што арганізавалі супрацоўнікі СЮТур?

А можа тупа кідалі петарды каля школы?

А вось ваўкавыскі паэт, інтэлектуал і проста добры, ініцыятыўны чалавек Марына Віктараўна Бабіч з дапамогай кіраўніцтва гімназіі № 2 правяла турнір сярод знатакоў. Тры яе каманды (Ваўкавыскі ЦТДзіМ), гаспадары (трэнер Савасцянік Наталля) і зборная краснасельскіх інтэлектуалаў (Краснасельскі РЦТДзіМ, трэнер Бубноў А.) цудоўна, змястоўна і пазнавальна згулялі ў “Рызыкуй” і “Што? Дзе? Калі?”. Прыемная кампанія (якую ўпрыгожваў у жюры Бурдакоў Рыгор Рыгоравіч), якасныя пытанні (дзякуй за рэдакцыю Чарапок Галіне Іванаўне), інтрыга (вы не паверыце, але дэбютанты “Элементарна, Ватсан” ледзь не перайгралі зборную “Стык у стык” і “Ананім”): што яшчэ трэба для цікавага турніра? Мінімальна не хапіла да перамогі ў “Рызыкуй” камандзе гімназіі № 2 “Інтэлект” (Левіцкая В.А.), упарта змагаліся вучні 3-4 х класаў “Большая перемена” і “Волчарики”. А пасля былі граматы (яшчэ раз дзякуй адміністрацыі гімназіі № 2) і прызы (дзякуй Вам, сціплыя людзі, якія падтрымліваеце дзяцей).

Дарэчы, пасля заканчэння турніра краснасельцы і прадстаўнікі гімназіі № 2 прынялі ўдзел у спартыўным арыентыраванні (дзякуй работнікі СЮТур, якія спецыяльна чакалі нас і не знімалі дыстанцыю). А Бубнова Вера і Каральчук Арцём яшчэ выступілі на алімпіядзе па матэматыцы.

Адно толькі дрэнна – каманду бацькоў сабраць не атрымалася (не будзем лічыць 4 чалавек). Шаноўныя дарослыя, калі вы не хочаце, каб вашы дзеці “бічавалі”, “петардзіліся”, альбо толькі “мабільніліся” ці “камп’ютарыліся”, пакажыце ім прыклад. 24 лістапада а 13-й адбудзецца інтэлектуальны турнір у Краснасельскім РЦТДзіМ, на які запрашаюцца, У ПЕРШУЮ ЧАРГУ, БАЦЬКІ. Але ці атрымаецца?