На выставе, якая ладзілася ў латышскай сталіцы, Амбасадар Беларусі Васіль Марковіч уручыў медаль «100 год дыпламатычнай службе Беларусі» вядомаму беларускаму мастаку з Рыгі.

У кожнага з нас ёсць улюбёны куточак на зямлі: ці то вёсачка, ці то горад. Беларускія мастакі Латвіі з аб’яднання «Маю гонар», безумоўна, любяць Рыгу. Вулкамі яе, здаецца, блукае рэха стагоддзяў, тут, пад вятрамі Балтыі, асаблівы водар кавы ў маленькіх кавярнях… Гэта горад, дзе лёгка набыць можна маленькі кавалак бурштыну: як сваё асабістае сонца. І ў Рызе жывуць прыгожыя, таленавітыя людзі — кожны са сваім унутраным святлом. Гэта горад з адметнай дынамікай, колерамі, танамі й паўтанамі, рытмамі. Карацей: нібы створаны ён для мастацтва й мастакоў. Пэўна, таму і прыйшла ідэя сябрам суполкі «Маю гонар» падзяліцца сваімі ўражаннямі аб Рызе, перанесенымі на палотны. Як там у Максіма Танка: «Я мушу пакінуць адбітак жыцця/ На камні, жалезе і золаце». Спіс носьбітаў, мяркую, можна пашыраць!

Напрыканцы верасня‑2019 у памяшканні Рыжскай думы па ініцыятыве Вячкі Целеша прайшла чарговая выстава нашых дарагіх мастакоў. Кожны з іх сродкамі выяўленчага мастацтва падзяліўся з рыжанамі, гасцямі горада сваімі ўражаннямі пра Рыгу, якая стала для іх не проста месцам сталага жыцця, а моцнай любоўю назаўжды, піша Звязда.

Вернісаж — заўсёды «момант ісціны» для людзей мастацтва, яго прыхільнікаў. Гэта хваляванні, спадзяванні, парыванні душы, высокая энергетыка сутворчасці… Сустрэча з мастацтвам вымушае нас «вібраваць» адпаведным чынам. А якое шырокае гэта энергаполе! Прыгажосць, хуткаплыннасць жыцця, чалавечая годнасць, маральная чысціня, Радзіма, Вечнасць… Усё жыццё мы ў пошуках: дзе сапраўдныя сябры, дзе наша дарога, дзе самае галоўнае ў свеце?. А мастак яшчэ й шукае стылёвую палітру, мастацкія сродкі, каб перадаць, «пакінуць адбітак» сваіх думак, уражанняў, эмоцый, азарэнняў. Ці ж не цуд: уважлівы, праніклівы позірк творцы выхоплівае з паўсядзённасці нешта істотнае, своеасаблівае і, спыняючы імгненне, у той жа час доўжыць яго ў Вечнасці. На гэты раз на выставе мы знаёміліся з працамі Вячкі Целеша, Віктара Малышчыца, Надзеі Ізянёвай, Ірыны Кароль, Ганны Пепіні, Аліны Літвіненка, Кацярыны Озберг. З прыязнасцю ўспрынялі й працы фотамастакоў Лявона Маствілішскага ды Алены Ціхаміравай.

Лявон Маствілішскі. Рыжскія сілуэты.

Восень — гэта бадай што заўжды пара незвычайнай прыгажосці. А восень у Рызе штораз адметная, лічаць рыжане: багатая і на фарбы, і на добрыя справы. Сімвалічна яшчэ, калі ўвосень людзям аддаецца належнае за іх заслугі. Вось і Вячка Целеш цалкам заслужана, як лічаць беларусы Рыгі, адзначаны юбілейным медалём Міністэрства замежных спраў Беларусі. Узнагароду «100 год дыпламатычнай службе Беларусі» вядомаму дзеячу беларускага руху ўручыў Амбасадар Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч.

Паважаны ўраджэнец Ваўкавыскага раёна Гродзеншчыны — і сапраўды, смела скажу, патрыярх народнай дыпламатыі ў прасторы Беларусь — Латвія. З гэтай нагоды Вячка Целеш расказвае сябрам, як у 1994‑м у былой сваёй майстэрні сустракаўся з Айварам Калве. Шчыра, пра многае гутарылі два сябры, мастацтвазнаўцы, публіцысты: беларус Вячка Целеша і латыш Айвар Калве. І ўжо тады ў знак пашаны й сяброўства падараваў Айвар яму кнігу з надпісам: «Беларускаму паслу ў Рызе». А дзейнічала ўжо тады ў Рызе «Беларуская хатка», у якой утульна было ўсім прыхільнікам беларускай мовы, культуры, мастацтва й музыкі. Там слова наша роднае па-сяброўску гучала разам «з латышскім словам трапяткім», як пісаў нехта з паэтаў.

В. Целеш. Інтэграцыя. Нацюрморт з Рыжскім і Беларускім бальзамам.