Ад 22 лютага ў Ваўкавыску паказваюць фільм Сяргея Лазніцы “У тумане” паводле аповесці Васіля Быкава. Паглядзець шматразова ўзнагароджаную стужку ў кінатэатры “Юнацтва” можна будзе напрацягу тыдня. Але ж цікава, што адміністрацыя кінатэатра чамусьці палічыла фільм нерэйтынгавым і пабачыць яго магчыма толькі з ранку – а 10-й гадзіне штодзённа.

Міжнародны поспех экранізацыі Быкава актыўна асвятляўся ў беларускіх сродках масавай інфармацыі ў 2012 годзе. Таленавіты расійска-украінска-беларускі рэжысёр, што прыйшоў у мастацкае кіно з дакументалістыкі, зняў “экзістэнцыйную драму на партызанцкім матэрыяле” і паказаў, што нязменную беларусьфільмаўскую тэму вайны можна і трэба рэалізоўваць значна больш вытанчанымі сродкамі, чым прынята ў нас.