У той жа час ёсць вялікае спадзяванне на далейшую актывізацыю беларуска-польскага памежнага супрацоўніцтва ў розных галінах, кажа дыпламат, з якім пагутарыла Яна Запольская:

РР: Апошнім часам да нас даходзіць такая інфармацыя, што беларусы пачалі менш звяртацца па візы ў консульства, ці сапраўды гэта так?

Анджэй Хадкевіч: Не магу гэтага пакуль пацвердзіць, але бачым, што значна зменшылася колькасць асобаў, якія перакрочваюць мяжу. Таксама бачым, што ўпала колькасць асобаў, якія рэгіструюць анкеты на турыстычныя візы. Бачна, што зацікаўленасць у візах у Польшчу пачынае спадаць.

РР: Ад некаторага часу з’явіліся доўгатэрміновыя візы – больш чым на год, можа гэта таксама неяк уплывае на сітуацыю?

Анджэй Хадкевіч: Так – гэта праўда, што мы выдаем больш доўгатэрміновых віз, выдаем перадусім шмат турыстычных віз – двухгадовых. Выдаем канешне доўгатэрміновыя візы, нават да пяці гадоў дзецям і моладзі – гэта магчыма да заканчэння школы ў гэтым перыядзе. Можам выдаць нават пяцігадовыя візы – вельмі ахвотна гэта робім.

РР: Тым не менш Беласток працягвае прывабліваць беларускіх, скажам не толькі турыстаў, а ўсё ж такі пакупнікоў. Вядома, што Беласток вельмі залежыць ад беларусаў, і тыя гандлёвыя цэнтры, якія будуюцца, менеджэры не хаваюць, што яны разлічаны на беларусаў. У Гародні ўжо нават з’явілася такая рэклама Беластока – непадалёк ад консульства ёсць такі банер, які заахвочвае прыязджаць. Ці гэта такая акцыя больш доўгатэрміновая, ці гэта нейкі рэкламны праект?

Анджэй Хадкевіч: Я думаю, што Беласток і Падляшша захочуць актыўней рэкламавацца не толькі, як месца пакупак, а перадусім як месца адпачынку і месца важных культурніцкіх падзей, на якія варта прыехаць з Беларусі. Захочуць актыўней весці рэкламу на тэрыторыі Беларусі. Акцыя, якую цяпер праводзіць горад – Дзень жанчын у Беластоку, напэўна толькі пачатак такой актыўнай рэкламы ў Беларусі. Банеры, улёткі, якія інфармуюць пра зніжкі ў крамах у перыяд гэтага уік-энда 8-га сакавіка. Я думаю, што чарговым такім доказам таго, што Падляшша зацікаўлена таксама ў пашырэнні інфармацыі пра дзейнасць скіраванай на беларускіх турыстаў, запланаваны прыезд журналістаў з беларускай прэсы на Падляшша, а не толькі ў Беласток. На сярэдзіну сакавіка запланавана азнаямленчая паездка.

Бізнес-кантакты, як цяпер вось гэтае супрацоўніцтва выглядае? Ці ёсць нейкі спад, ці дынаміка? На колькі падляшскія фірмы прадстаўлены, напрыклад, у свабоднай эканамічнай зоне “Гроднаінвест”.

Анджэй Хадкевіч: Супраца канешне з’яўляецца слабейшым бокам нашых кантактаў, бо гэта вынікае з адрознага погляду абодвух бакоў. Маю ўражанне, што шмат гадоў такога пакупніцкага буму пераканала мясцовых вытворцаў у тым, што кліент з Беларусі заўсёды будзе і заўсёды купіць. Сёння – гэта пад пытаннем, ці так будзе. Я баюся, што так добра не будзе. Была вельмі вялікая зацікаўленасць продажам прадуктаў на беларускім рынку, і мясцовым польскім экспарцёрам добра ішло. Цяпер Беларусь адназначна зацікаўлена прадаць свае тавары, сваю прадукцыю, таму не зацікаўлена імпартам польскіх тавараў. Шмат беларускіх фірм цяпер не мае сродкаў на свабодны імпарт польскіх тавараў. Гэта пэўны шанец для тых польскіх прадпрыемцаў, якія вырашылі заінвеставаць сродкі ў прадукцыю ў Беларусі, але іх не шмат.

РР: Апошні часам пачалі аднаўляць ідэю гарадоў-пабрацімаў, вось наколькі яна спраўджваецца? Вядома, што паміж Гародняй і Беластокам больш гэтых кантактаў, а калі казаць пра невялікія мясцовасці – Гайнаўка, Бельск, Кобрын.

Анджэй Хадкевіч: Пабрацімства гарадоў з аднаго боку існуе, бо існуюць падпісаныя дакументы, але насамрэч рэалізацыя гэтай ідэі з’яўляецца даволі цяжкай. Яна цяжкая, па-першае, тым што трохі розныя чаканні ў абодвух бакоў. Беларускі бок больш меркантыльна глядзіць на гэтае пабрацімства, лічачы на тое, што яно палегчыць прыцягненне інвестараў. Польскі бок хутчэй глядзіць з пункту гледжання рэкламы культурніцкіх мерапрыемстваў ва ўласных гарадах, абмена моладдзю, часамі нейкіх супольных інвестыцый, калі гэта прадугледжваецца нейкімі праграмамі даступнымі са сродкаў Еўразвяза. На што, напрыклад, беларускі бок менш настроены, бо не мае на свой уласны унёсак.

Консул Анджэй Хадкевіч дадаў, што надалей застаецца нявырашаным пытанне павелічэння консульскага штату ў Гародні.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя