17 кастрычніка 1893 г. у Ваўкавыску нарадзіўся рыма-каталіцкі святар, рэлігійны і грамадзкі дзеяч Павал Сямёнавіч ХОМІЧ.

Паходзіў з сялянскай сям’і, у якой бацька быў праваслаўным, а маці – каталічкай. 22.10.1905 г. прыняў каталіцкае веравызнанне. У 1907-1910 гг. вучыўся ў Ваўкавыскай гарадзкой 4-кляснай вучэльні. Скончыў у Петраградзе Магілёўскую духоўную каталіцкую сэмінарыю і Мітрапалітальную духоўную акадэмію. У часе вучобы наведваў культурна-асветны гурток беларускуіх студэнтаў-клерыкаў. Пасвечаны ў святары ў 1916 г. Быў прызначаны вікарыем на станцыі Вырыца Царскасельскай чыгункі. Пазней выконваў святарскія абавязкі на Пскоўшчыне. У пачатку 1920-х гг. пробашч парафіі св. Кацярыны ў Ленінградзе. Пазней – у парафіі св. Казімера. Арыштаваны 2 чэрвеня 1926 г. Прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Адпраўлены на Салаўкі, дзе заставаўся да ліпеня 1933 г. З 21 ліпеня 1932 г. да 25 красавіка 1933 г. знаходзіўся ў турме ОГПУ у Ленінградзе («на Шпалерцы»). У часе допытаў ад яго патрабавалі адмовіцца ад духоўнага сану. Стаў хварэць псыхічна. З 28 чэрвеня 1938 г. жыў у ваколіцах Кастрамы. У 1939 г. нелегальна вярнуўся ў Ленінград. 1 сакавіка 1942 г. прысуджаны Вайсковым трыбуналам да расстрэлу. Расстраляны 10 сакавіка 1942 г.

Падрабязней тут.