Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» Вольга Дубоўская ўзяла інтэрвію ў начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама Мікалая Ярмоліка.

— Мікалай Дзмітрыевіч, раскажыце, калі ласка, чым сёння жыве сістэма адукацыі вашага раёна? Які настрой пануе ў педагагічным асяроддзі?

— Адукацыйная прастора Ваўкавыскага раёна сёння — гэта 54 установы адукацыі, з іх 23 установы агульнай сярэдняй адукацыі, 5 — дадатковай адукацыі, 21 — дашкольнай адукацыі, 3 — спецыяльнай адукацыі і 2 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы алімпійскага рэзерву.

У кожнай з іх ёсць свае традыцыі, мерапрыемствы, якія іх адрозніваюць. Але гэты тыдзень і педагогі, і дзеці жылі падрыхтоўкай да абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Добры дзень, свет!”. Не падумайце, што ў гэты час не ўдзялялася ўвага іншым напрамкам дзейнасці. Проста гэта ўжо добрая традыцыя — раённыя мерапрыемствы рыхтаваць разам. Вынік атрымліваецца больш якасны, і пачуццё задавальнення ад працы проста каласальнае. А мерапрыемстваў у раёне праводзіцца вельмі шмат. Гэта і святы-ўшанаванні пераможцаў абласной і рэспубліканскай алімпіяд, раённы выпускны баль, які штогод праводзіцца на галоўнай плошчы горада і ў якім прымаюць удзел усе выпускнікі школ, і многія іншыя.

Натуральна, мы імкнёмся забяспечваць даступнасць і высокую якасць адукацыі ўсіх навучэнцаў незалежна ад узроўню даходаў сям’і і месца жыхарства, ствараць умовы для задавальнення адукацыйных запытаў кожнага дзіцяці праз арганізацыю профільнага і прафесійнага навучання, работу факультатыўных заняткаў, студыі “Юныя таленты”, якая працуе на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Вялікую ўвагу ўдзяляем рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі, іх ўдзелу ў алімпіядным руху. Штогод дзякуючы выніковаму выступленню на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды 7—10 нашых выпускнікоў становяцца студэнтамі ўніверсітэтаў. Па выніках ЦТ у 2014 годзе, сярэдняя школа № 7 Ваўкавыска (сярод трох сярэдніх школ Гродзеншчыны) увайшла ва ўмоўны “ТОП-100 устаноў адукацыі”, навучэнцы якіх паспяхова здалі ЦТ.

Ганарымся мы і сваімі педагогамі. Настаўнікі раёна займаюць актыўную пазіцыю ва ўдасканаленні свайго прафесійнага майстэрства. Ужо тры разы яны станавіліся фіналістамі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. У 2014 годзе гэта былі настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Алена Дубанос, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Ваўкавыска Ірына Клак, а фіналістка 2009 года Алена Аскірка (намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 1 Ваўкавыска) паспяхова здала экзамен і атрымала кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Актыўна нашы педагогі ўключыліся і ў інавацыйную і эксперыментальную дзейнасць. Сёння на базе ўстаноў адукацыі ідзе рэалізацыя 10 інавацыйных і аднаго эксперыментальнага праектаў.

Два педагогі раёна ўдастоены звання “Чалавек года Гродзеншчыны”: кіраўнік Ваўкавыскай дапаможнай школы-інтэрната Уладзіслаў Германовіч і педагог дадатковай адукацыі Ала Сурмінова.

— А што хвалюе?

— Што тычыцца праблемных пытанняў, напэўна, яны ёсць ва ўсіх. Як гаворыцца, праблем і памылак няма ў таго, хто нічога не робіць. Мы абавязаны гарантаваць бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці сваіх выхаванцаў, а ў гэтым плане неабходна вырашаць пытанні абсталявання ўстаноў адукацыі кнопкамі трывожнай сігналізацыі, сістэмамі відэаназірання, весці работу па забеспячэнні харчаблокаў устаноў адукацыі сучасным тэхналагічным абсталяваннем, выконваць мерапрыемствы дзяржаўных праграм у галіне адукацыі.

Назіраецца ў нас і дэфіцыт кадраў. Раён адчувае недахоп у такіх спецыялістах, як настаўнікі фізікі, інфарматыкі, біялогіі. Для ліквідацыі гэтай праблемы мы актыўна выкарыстоўваем магчымасці мэтавай падрыхтоўкі. У 2014 годзе па мэтавым накіраванні паступілі 14 чалавек. Імкнёмся прыцягнуць на працу маладых спецыялістаў, былых выпускнікоў школ раёна. У раёне адладжана сістэма работы з маладымі спецыялістамі. На сённяшні дзень працэнт замацавання маладых спецыялістаў складае 73,2.

Папрацаваўшы на пасадзе начальніка 20 гадоў, а ў сістэме адукацыі амаль 40, я разумею, што ўсе праблемы, звязаныя з навучаннем і выхаваннем навучэнцаў, — гэта нашы праблемы. І задача начальніка ў тым, каб скаардынаваць дзеянні зацікаўленых службаў у іх вырашэнні. Але, як гаворыцца ў народзе, адзін у полі не воін, таму хачу сказаць пра работнікаў свайго аддзела. Мне ўдалося стварыць каманду высокакваліфікаваных спецыялістаў, якой пад сілу вырашэнне ўсіх задач, што перад намі стаяць.

— Не магу не спытаць пра павышаны дакументаабарот. Вашы калегі гавораць, што бяруць агонь на сябе. А як ідуць справы ў гэтым плане ў вас?

— Згодны са сваімі калегамі. Мы таксама імкнёмся паменшыць дакументаабарот і ў аддзеле, і ва ўстановах адукацыі. Пры неабходнасці патрэбную інфармацыю можна знайсці ў абавязковай статыстычнай справаздачнасці. Лічу, што памяншэнню дакументаабароту спрыяе ўкараненне ў кіраўніцкую дзейнасць і адукацыйны працэс інфармацыйных і воблачных тэхналогій, сэрвісаў Web 2.0.

— Мікалай Дзмітрыевіч, і апошняе пытанне. Сёння першая субота лютага, а гэта азначае, што будзе вечар сустрэчы з выпускнікамі. Як вы ставіцеся да такой традыцыі і ці пойдзеце самі на гэтае мерапрыемства?

— Што тычыцца вечара сустрэчы з выпускнікамі, я падтрымліваю такую традыцыю. Гэта добра, што былыя выпускнікі прыходзяць у школу, значыць, ім ёсць што ўспомніць. На жаль, школа, у якой я вучыўся, закрыта. Часам хочацца прайсціся па знаёмых калідорах, успомніць добрыя моманты школьнага жыцця. А ў нашым раёне вечары сустрэчы пройдуць у кожнай установе адукацыі.

— Вялікі дзякуй за размову.