Міністр Вітальд Вашчыкоўскі збіраецца 22 — 23 сакавіка з візітам у Беларусь. Як высветлілася, яго сюды цягне не толькі вырашэнне палітычных пытанняў, але і сентыменты.

Пра планаваны візіт міністр замежных спраў казаў ужо ў канцы студзеня, калі адмена санкцый у дачыненні да Беларусі была толькі ў планах. Міністр падкрэсліваў тады ролю Польшчы ў наладжванні адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Нядаўна міністр падзяліўся інфармацыяй, што візіт плануецца на другую палову сакавіка. “З аднаго боку, гэта сентыментальны пасыл, з другога – лічу, што Беларусь гэта наш сусед, з якім мы павінні наладжваць адносіны, якія дагэтуль можа быць і не напружаныя, але і не стабілізаваныя”.

У выступленні ў канца лютага міністр падкрэсліў, што пасля адмены санкцый Беларусь мае магчымасць вярнуцца на дарогу супрацоўніцтва з Еўрасаюзам і Польшча “можа з’яўляцца пасярэднікам такога супрацоўніцтва”.

Міністр Вашчыкоўскі распавёў таксама, што ў час свайго візіту сустрэнецца з мясцовымі палякамі. “Хачу, каб гэта не быў толькі куртуазны візіт на некалькі гадзін. Хачу паехаць самаходам, патрапіць у Мінск, але і ў іншыя месцы, у якіх жывуць палякі ў Беларусі».

Міністр таксама хоча наведаць Ваўкавыск.

«Маці міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага паходзіць з Ваўкавыску. Там жыла да вайны ейная сямʼя, а дзед міністра працаваў на пошце. Пасля вайны сямʼя была вымушаная выехаць у Пётркаў-Трыбунальскі. Падчас свайго візіту ў Беларусь 22-23 сакавіка кіраўнік польскай дыпламатыі наведае горад сваіх продкаў. Інфармацыяй пра гэта палітык пачаў сваё спатканне з прадстаўнікамі беларускіх эміграцыйных арганізацыяў», – напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку рэдактар «Белсату» Сяргей Пеляса.

Як стала вядома, 22 сакавіка а 11-й Вашчыкоўскі ўскладзе кветкі да магіл ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты каля Мінска.

А 13-й гадзіне ён наведае візавы цэнтр Польшчы ў сталічным гандлёвым цэнтры «Галілеа».

На наступны дзень а 15.10 міністр ускладзе кветкі да помніка Элізы Ажэшкі ў Гродне, затым у консульстве правядзе сустрэчу без удзелу прэсы з гарадзенскімі палякамі. Таксама міністр наведае з прыватным візітам могілкі і польскую школу ў Ваўкавыску.

Сустрэча з мясцовымі палякамі можа быць вельмі выжнай у кантэкце прынятых нядаўна Сеймам змен у законе пра Карту паляка. Польская меншасць у Беларусі з’яўляецца другой пасля расійскай па колькасці чалавек. Паводле афіцыйных беларускіх дадзеных колькасць палякаў складае 295 тыс. чалавек. Паводле неафіцыйных, пра якія часам кажа польскі бок, можа быць нават у 2-4 раз большай.

Фота: Radek Pietruszka, PAP

Паводле Твой стыль