Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць АГП, незарэгістраваная БХД і Рух «За свабоду», мае намер вылучыць сваіх кандыдатаў па ўсіх 110 акругах падчас кампаніі па абранні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

«Мы ўжо перадалі сваім партнэрам для кансультацыяў сьпіс з 56 прозьвішчаў патэнцыйных кандыдатаў. БХД і рух „За свабоду“, наколькі я ведаю, таксама маюць прыкладна па паўсотні верагодных удзельнікаў выбарчай кампаніі», — паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Па ягоных словах, «мы свой выбар ужо зрабілі — пойдзем да людзей».

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Віталь Рымашэўскі кажа, што БХД будзе моцна працаваць у рэгіёнах:

«Цягам апошніх трох год наша стратэгія была і ёсьць у тым, каб рыхтаваць рэгіянальных лідэраў. Мы праводзім шмат менавіта рэгіянальных акцыяў, скіраваных на абарону палітычных і сацыяльных правоў мясцовага насельніцтва. Вядома, мы будзем змагацца», — адзначыў адзін з сустаршыняў БХД Віталь Рымашэўскі.

Па ягоным меркаванні, «казаць выбарцам, што зараз, калі Лукашэнку падтрымлівае нават Эўропа, мы даможамся свабодных і справядлівых выбараў, значыць падманваць іх».

«Таму стратэгія нашай партыі на гэтую выбарчую кампанію (а я спадзяюся, што яна стане стратэгіяй і усёй правацэнтрысцкай кааліцыі) будзе ў аб’яднаньні высілкаў лідэраў грамадзкай думкі ў рэгіёнах на стварэньні „народнага парлямэнту» альбо «грамадзкага форуму. Назваць яго можна як заўгодна. А сутнасць у тым, каб пасьля выбарчай кампаніі праводзіць нацыянальныя мерапрыемствы на новым узроўні», — патлумачыў ён.

«Для Руху «За Свабоду» парлямэнцкія выбары 2016 году ўяўляюць пэўную цікавасьць», — кажа першы намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч:

«Адбываюцца вялікія зрухі ўнутры краіны. Дый геапалітычная сытуацыя вакол Беларусі таксама моцна зьмяняецца. Таму, натуральна, мы павінны быць больш актыўнымі. І нягледзячы на тое, што выбары прадказальна могуць прайсьці па такім жа сцэнары, як і ўсе выбары за апошнія 20 год, іх трэба выкарыстоўваць. Мы зьвярнуліся да нашых актывістаў і людзей, якія прыхільна ставяцца да руху «За свабоду» з заклікам вылучаць патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Мы будзем дзейнічаць у рамках адзінага сьпісу правацэнтрысцкай кааліцыі», — адзначыў ён.

Па ягоных словах, Руху «не хацелася падтрымліваць, а тым болей вылучаць кандыдатаў, якія правядуць выбарчую кампанію толькі дзеля птушачкі». «Тыя людзі, якіх мы падтрымаем, пройдуць праз усе этапы выбарчай кампаніі. Перадусім яны будуць зьбіраць подпісы выбарцаў, бо рух «За свабоду» — не палітычная партыя і ня можа вылучаць кандыдатаў рашэньнем свайго кіраўнічага органа», — нагадаў Губарэвіч.

Пра канчатковую лічбу патэнцыйных кандыдатаў казаць яшчэ ранавата, дадаў ён. «Аднак сёньня можна сьмела казаць: рух будзе прадстаўлены ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Асабліва моцная каманда зьбіраецца ў Менску», — кажа ён.

Чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, найбольш верагодна, пройдуць 11 верасьня 2016 году.

Уладзімер Глод

Крыніца: