7-8 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі адбудуцца штогадовыя летнія рэкалекцыі, якія праводзяцца з 2003 года і якія праводзілі, а. Руфус Перэйра, а. Ян рэчак, а. Джэймс Манджакал. Гэтым разам спецыяльным госцем будзе а. Джон Башобора.

Для ўдзелу ў рэкалекцыях неабходна абавязкова прайсці папярэднюю рэгістрацыю ў Інтэрнэце.

Тыя, хто не маюць магчымасці зарэгістравацца па Інтэрнэце, могуць тэлефанаваць па тэл. (029) 935-64-04 з 10.00 да 15.00 і з 19.00 да 21.00 (пачынаючы з 12 мая).

Пачатак рэкалекцый: субота 7 чэрвеня ў 9.00; завяршэнне: нядзеля 8-га чэрвеня св. Імшой а 12-й. У гэтую ж нядзелю а 18-й, у парафіі Святой Сем’і ў г. Ліда а. Джон будзе цэлебраваць Святую Імшу, пасля якой правядзе адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту з малітвай аб аздараўленні.

А. Джон нарадзіўся ў 1946 годзе ва Угандзе. У 1972 годзе прыняў святарскае пасвячэнне. Абараніў доктарскую дысертацыю ў галіне містычнага багаслоўя ў Папскім Грыгарыянскім Універсітэце ў Рыме. Пасля вяртання ў родную дыяцэзію заснаваў дзве пачатковыя і дзве сярэднія школы, а таксама два дзіцячыя дамы, у якіх знайшлі прытулак ўжо больш за пяць тысяч сірот. А. Джон з’яўляецца дыяцэзіяльным каардынатарам Каталіцкага Абнаўлення ў Духу Святым і членам Нацыянальнага Таварыства заступніцкай малітвы, якое праводзіць рэкалекцыі і харызматычныя малітоўныя сустрэчы таксама па-за межамі Уганды. Адна з такіх сустрэч нядаўна прайшла на Народным Стадыёне ў Варшаве, сабраўшы каля шасцідзесяці тысяч вернікаў.