Не паспелі школьнікі засумаваць па інтэлектуальных спаборніцтвах, як 11 студзеня іх запрасілі прыняць удзел у рэспубліканскім турніры сярод піянераў. На першым этапе ў кожным раёне нашай краіне павінны былі вызначыць прэтэндэнтаў на абласны адбор.

На жаль, чаканых 26 каманд у гасціннай гімназіі № 2 мы не ўбачылі (вялікі дзякуй дзецям з Падароску, якія адзіныя прадстаўлялі вясковыя школы). Аднак і 14 калектываў паказалі свае веды і кемлівасць, таму што на ўсе пытанні (у асноўным не вельмі, прызнаемся, складаныя) былі дадзены дакладныя адказы.
Пераможцам раёну сярод піянерскіх дружын сталі прадстаўнікі СШ № 8, набраўшыя 17 з 20 магчымых балаў. Спадзяемся, што гэтыя даволі разумныя дзеці будуць здольны адзець піянерскія гальштукі і паехаць на абласны этап у Гародню.

16 дакладных адказаў маюць каманды СШ № 2 г.п. Рось (лепшыя па рэйтынгу), гімназіі № 1 і СШ г.п. Краснаселькі (па рэйтынгу падзялілі 3-е месца), СШ № 1 г.п. Рось. Будзем спадзявацца, што і гэтых ачкоў хопіць для запрашэння ў наступны тур. Прыемна, што з’явіўся новы інтэлектуальны турнір, дзе 8-класнікі могуць вызначыць лепшых з лепшых. Толькі “свечак” каб меньш, было б зусім цудоўна.

19 снежня, на Хрышчэнне, адбудзецца адбор на рэспубліку сярод школьнікаў (11-я класы). Ваўкавыск традыцыйна прыме гасцей на ўласнай пляцоўцы. І хай пераможа мацнейшы.