Аляксандр Лукашэнка указам № 40 абмежаваў таксама ўвоз тавараў праз аўтадарожныя і чыгуначныя пункты пропуску. Абмежаванне ў памеры 1500 еўра і 50 кг на чалавека застаецца.

Але калі чалавек перасякае мяжу часцей, чым раз у тры месяца, то тавары, даражэйшыя за 300 еўра, будуць абкладацца мытнымі плацяжамі. Ужо не будзе лічыцца што гэта тавары «для асабістага карыстання». Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ паведаміў Уладзімір Арлоўскі, намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі, — піша euroradio.fm.

Таксама гэтым указам кіраўнік краіны абмежаваў увоз міжнародных пасылак. Адна фізічная асоба можа атрымаць пасылку без выплаты мытных плацяжоў, толькі калі мытны кошт не перавышае 22 еўра, а агульная вага — 10 кг. Раней можна было атрымаць пасылку коштам 200 еўра і вагой да 31 кг.

Указ № 40 уносіць змены ў ранейшы ўказ (№ 360) ад 21 ліпеня 2014 года «Аб перамяшчэнні праз мытную мяжу Мытнага саюзу ў Рэспубліку Беларусь тавараў для асабістага карыстання» і пачне дзейнічаць праз 2 месяца пасля афіцыйнага апублікавання.