Сёння ўпершыню было арганізавана купанне ў Ваўкавыску. Да 11-й на гарадское вадасховішча падцягваўся народ, галоўным чынам, разявакі. Іерэй храма Святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірылы настаўнікаў Славенскіх Аляксандр Юзва правёў водахрышчанне, высвянціў хрысцільню і ўсе ахвотнікі змаглі акунуцца ў ёрдані. Ахвотнікаў набралася трохі — ледзь больш дзясятка, але гэта толькі першае такое мерапрыемства ў горадзе.

Уваход да хрысцільні засцераглі камунальнікі — быў збудаваны дашчаны памост. Да пачатку мерапрыемства дно праверылі выратавальнікі. Яны ж дзяжурылі ў ёрдані па пояс у вадзе, на беразе дзяжурыла брыгада «хуткай дапамогі» на чале з галоўным доктарам райлякарні, міліцыя і ДАІ. Перапрануцца можна было ў расстаўленым намёце. Пры выйсці з хрысцільні купальшчыкаў чакалі кава і гарбата ў вагончыку выратавальнікаў. Бліжэй да народа былі і службоўцы з райвыканкама і адказны за мерапрыемства дырэктар ваўкавыскіх камунальнікаў. У шэрагах купальшчыкаў быў заўважаны і старшыня раённага суда Валерый Барэйка, які ўжо другі дзясятак гадоў займаецца маржаваннем.

Свята атрымалася, а гараджане ўсё падыходзілі — бліжэй да 12-й з боку канчатковага прыпынку «адзінкі» народ працягваў прыбываць…

Абрад Вадохрышча прыйшоў у хрысціянства са старажытных культаў. Воднае абмыванне стала абрадам «ачышчэння» чалавека ад брыдоты. У святочны дзень адбывалася асвячэнне вады ў царкве і ў палонцы, служылася ўрачыстае набажэнства, пасля чаго вернікі абмываліся святой вадой, якая валодае цудадзейнай сілай. Гэта вада завецца «вялікай святыняй», якую прымаюць падчас нядужання. Ёю таксама акрапляюць храм, людзей і ўсё, што ставіцца да зямнога быцця чалавека — хаты і гаспадарчыя пабудовы.

 Для таго каб вернікі змаглі належным чынам падрыхтавацца да вялікага праваслаўнага свята Вадохрышча Гасподня — Богаяўлення, царква ўсталявала ў Вадохрышчанскую куццю строгі пост. Меру паста вернікі вызначаюць індывідуальна, па сілах і блаславенню духоўніка.

 Пост даецца, каб падрыхтавацца да сустрэчы свята, прыняццю асвячонай вадохрышчанскай вады. І калі гэта адбываецца ў такім ракурсе, то бок чалавек рыхтуецца да гэтага дакранання да святыні, тады і апусканне ў палонку будзе ўсвядомленым і з малітвай, калі ж няма — апусканне ператварыцца ў просты экстрым, сэнс якога нырнуць у ваду ў марозны дзянёк.

DSCN1415

DSCN1417

DSCN1418

DSCN1422

DSCN1425

DSCN1427

WP_20140119_11_37_16_Pro