22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. Імклівае наступленне ворага затрымаць не ўдалося. Браніраваны кулак нямецкай арміі быў накіраваны на Ваўкавыск – важны стратэгічны пункт і чыгуначны вузел.

Войскі 3-й і 10-й армій аказалі ўпорнае супраціўленне фашысцкім захопнікам на Беластокска-Гродзенскім напрамку.

Ішоў чацвёрты дзень вайны. Пачаўся бой за Ваўкавыск. Камандны пункт 10-й арміі знаходзіўся на Шведскай гары. Тут быў і генерал-лейтэнант Д.М. Карбышаў. Неба Ваўкавыска ў першыя дні вайны абараняў 219 зенітна-артылерыйскі дывізіён. Камандаваў ім капітан Л.П. Малыгін.

Пасля бамбёжкі горада ясная раніца ператварылася ў ад. Ляцела ў паветра развёрнутая выбухамі зямля. Удушлівы дым еў вочы, цяжка было дыхаць. На пярэднім краі кіпеў рукапашны бой. Але сілы былі няроўнымі. Горад быў здадзены 27 чэрвеня 1941 года.

Пачаліся чорныя дні акупацыі. 22 ліпеня 1941 года Гітлер перадаў Беластоцкую акругу і Ваўкавыск обер-прэзідэнту Усходне-Прускай правінцыі Эрыху Коху, назваўшы беларускія землі “Паўднёва Ўсходняя Прусія”. У Ваўкавыску адразу пачалі ўстанаўліваць “новы парадак”. У горадзе пастаянна знаходзілася не менш 250 нямецкіх салдат, 50 жандармаў, 150 паліцэйскіх. На станцыі Ваўкавыск-Цэнтральны зрабілі перасыльны пункт, праз які штодзённа праходзілі сотні фашысцкіх салдат. Пад узмоцненай аховай знаходзілася турма і лагер ваеннапалонных. Вакол горада ва ўсім раёне была створана шырокая сетка нямецкіх гарнізонаў і другіх умацаванняў. У Ізабеліне было каля 800 паліцэйскіх і жандармаў, у Падароску больш 400. Моцныя гарнізоны стаялі ў Гнезна, Мсцібаве, Вярэйках, Шылавічах, на цэмзаводзе, у Росі, Воўпе, Маісеевічах і другіх населеных пунктах. Усяго ў раёне было больш 40 гарнізонаў і ўмацаваных кропак. Шмат пабудавалі дзотаў для аховы чыгуначнай і шасейных дарог.

Апрача гэтага, гітлераўцам удалося стварыць шырокую сетку сваіх агентаў. У такіх умовах нялёгка было весці нелегальную работу. Малейшая падазронасць цягнула за сабой арышты, расстрэлы. Людзі пачалі жыць пад страхам смерці.

Але нягледзячы на жорсткі тэрор, з першых дзён акупацыі пачалі дзейнічаць невялікія падпольныя групы, антыфашысцкія арганізацыі. Яны выконвалі заклік Камуністычнай партыі і ўрада краіны. Сутнасць яго была выдадзена ў дырэктыве СНК СССР і ЦК КП(б) ад 29 чэрвеня 1941 года. У ёй гаварылася, што “савецкія людзі, што засталіся на часова астаўленай тэрыторыі, павінны ствараць партызанскія атрады, дыверсійныя групы…нецярпімыя ўмовы для ворага і ўсіх яго пасобнікаў, знішчаць іх на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы.”

Адной з першых у верасні 1941 года была створана партызанская група з чырвонаармейцаў, уцёкшых з фашысцакага палону, начале з афіцэрам Чырвонай Арміі А. Самохіным. Але ў хуткім часе ён загінуў. Групу ўзначаліў лейтэнант Ф.Н. Баранаў, камандзір эскадрона. Група пачала актыўныя ваенныя дзеянні. Гітлераўцы зрабілі спробу знішчыць яе, але партызаны вырваліся з акружэння. У 1942 годзе група Баранава Ф.Н. перарасла ў партызанскі атрад. Партызаны рабілі смелыя рэйды, і падрывалі эшалоны.

Фашысцкі рэжым станавіўся больш жорсткім. Але нішто не магло стрымаць антыфашысцкі рух. Колькасць партызанскіх груп расла. Іх стваралі камуністы. Адна з іх была створана старшынёй Белавічскага сельскага савета М.І. Рудзяком. Потым яна злілася з брыгадай імя К. Каліноўскага. Не маючы магчымасцей злавіць М.І. Рудзяка, фашысты жорстка расправіліся з яго сям’ёй: расстралялі жонку, сына і бацьку ў вёсцы Міжава, цяпер Мастоўскага раёна.

Яшчэ перад вайной у Нізянах былі створаны школьная і калгасная камсамольскія арганізацыі. Калгасную – ўзначаліў Мікола Амшэй. Адразу пасля прыходу немцаў на першым камсамольскім сходзе ў доме Міколы Амшэя быў распрацаваны план дзеянняў ў падполлі. Вырашылі збіраць зброю і рыштунак, хаваць яе, знайшлі радыёпрыёмнік, устанавілі ў пачатку 1942 года сувязь з партызанскім атрадам імя Пажарскага. Спалілі спіртзавод, знішчылі шмат кіламетраў тэлефоннага дроту. Па лініях Падароск – Ружаны, Ваўкавыск – Ізабелін, Ваўкавыск – Зэльва. Запланавалі ўзарваць камендатуру ў Ізабеліне. Але падрыхтаваная аперацыя не ўдалася. Раніцай 22 красавіка 1942 года вёскі Нізяны і Паўлаўшчына былі акружаны нямецкімі салдатамі. Пачаліся аблавы на камсамольцаў. У гэты дзень былі арыштаваны Леанід Бакач, Мікола Амшэй, Іван Буряк, Уладзімір Заблоцкі, Міхаіл Агей, Іван Зінкевіч, Сцяпан Батвінка, Прохар Габрусь, Іван Смурага.

Іх расстралялі ў ліпені 1942 года. На месцы расстрэлу нізянскіх патрыётаў у Парахаўні пад Ваўкавыскам стаіць помнік героям-падпольшчыкам, імёны якіх засталіся на ўвесь век у памяці народнай.

Полымя народнай вайны разгаралася. Арганізуючую ролю ў барацьбе супраць акупантаў іграў адноўлены ў 1942 годзе Беластокскі абком КП(Б)Б.

Прыйшлі гітлераўцы і ў вёску Карпаўцы. І вось ўжо схоплены і расстраляны Аляксандр Сарока, Іосіф Васілеўскі, Сцяпан Сарока. Паспеў схавацца Іван Вераціла, але яго схапілі і завезлі ў Бухенвальд. Працягвалі і далей расстрэльваць савецкіх актывістаў, дэпутатаў мясцовых саветаў.

Зачынальнікамі падпольнага руху моладзі сталі камсамольцы. За кароткі тэрмін сабралі 8 вінтовак, 4 пісталеты, кінжалы, компасы, біноклі, радыёпрыёмнікі, патроны. Устанавілі трывалую сувязь з антыфашысцкім камітэтам у Ваўкавыску. У Баршчэўскім лесе адбылася першая сустрэча карпаўскіх камсамольцаў з сакратаром Беластокскага падпольнага абкома камсамола Стрыжаком Т.Ф. Пашырыліся сувязі з партызанамі атрада імя Калініна. Камандзір атрада Крыжаноўскі, камісар Пятухоў Е.Л. Камсамольцы дзейнічалі. Раздаваліся выбухі на ўчастках чыгункі Ваўкавыск – Слонім, Ваўкавыск – Гайнаўка. Партызаны сумесна з камсамольцамі ўзарвалі энергетычнае сэрца цэмзавода – электрастанцыю.

Па прыкладу карпаўскіх камсамольцаў у барацьбу ўключыліся і карпаўскія піянеры. Імі кіраваў малодшы брат васіля Сарокі – Коля. У піянерскую групу ўваходзіла 15 чалавек. Яны дапамагалі партызанам здабываць звесткі аб ворагу, збіраць зброю і бепрыпасы. Распаўсюджвалі лістоўкі, газеты, брашуры, зводкі савінфармбюро ў Красным Сяле, Росі, Струбніцы. Вось імёны членаў “Піянерскага тайніка”: Уладзімір Сяргейка, Леанід Сядзенеўскі, Анатоль Вераціла, Зыбко Н.Ф., Зыбко Н.В., Іван Северын, Ніна Хомка, Міхаіл Васілеўскі, Уладзімір Касіла, Уладзімір Белабоцкі, Мікола Сарока, Іван Радзецкі, Іван Кухта, Іван Хомка.

Ворагам удалося знайсці след цэнтра камсамольскага падполля: юных патрыётаў выдаваў правакатар.

1 лютага 1944 года гестапаўцы вызвалі ў Рось вялікую групу карпаўскіх сялян, у тым ліку і моладзі. Як ні ў чым не бывала ў Рось прышлі і камсамольцы-падпольшчыкі Іван Васілеўскі, Мікола Севярын, Уладзімір Кухта, Мікола Сарока і Павел Васілеўскі. Іх як раз і чакалі фашысты. Схапілі ўсіх пяцярых і павезлі ў Беласток. Там іх катавалі і там іх забілі. Толькі Паўлу Васілеўскаму ўдалося застацца ў жывых у канцлагеры. Застаўшыся на волі, падпольшчыкі пайшлі ў партызанскі атрад імя Калініна.

Ішоў 1942 год. Над Ваўкавыскам вісела чорная ноч акупацыі. Працягваліся арышты. Але ўжо ў студзені-лютым 1942 года жыхары горада ведалі, што немцы разбіты пад Масквой.

У такіх умовах ствараўся Ваўкавыскі антыфашысцкі камітэт. 1 лютага Уладыка М.М. правёў у вёсцы Севашкі Падароскага сельсавета падпольнае пасяджэнне сваіх аднадумцаў у доме Пратасевіча В.С. Потым яны сустракаліся ўжо ў Ваўкавыску, па вуліцы Цагляная, 47. Тут былі Уладыка М.М., Посах Л.М., Паўкоўскі Н.І., Шчарбакоў А.Н., Дзямешчык Н.М. і іншыя. Старшынёй камітэта быў выбраны Мікалай Міхайлавіч Уладыка, “Ніканор”. Была вызначана структура камітэта, створаны групы. Яны праводзілі работу з насельніцтвам: перадавалі зводкі савінфармбюро, заклікалі моладзь не ехаць на работу ў Германію, не здаваць пастаўкі, распаўсюджвалі савецкія газеты, вызвалялі ваеннапалонных. Групы камітэта дзейнічалі ў Красным Сяле, Карпаўцах, Пятаках, Сявашках, Канюхах, а таксама ў суседніх вёсках Свіслацкага раёна. Камітэт меў сувязь з партызанамі.

Месцам сустрэчы камітэтчыкаў быў дом Рыгора Дзямідка па вуліцы Польнай. Выбраны ён быў таму, што тут уся яго сям’я стала на шлях барацьбы з акупантамі.

Ваўкавыскія падпольшчыкі зрабілі вельмі шмат, каб зрабіць барацьбу з ворагам больш суровай і жорсткай. Яны перадалі партызанам сотні адзінак баявой зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў. Больш за 60 чалавек накіравалі ў партызаны.

Гітлераўцы прыкладалі ўсе намаганні, каб высачыць антыфашыстаў. У канцы жніўня 1943 года Падароскае гестапа трапіла на след кіраўніка Ваўкавыскага антыфашысцкага камітэта Уладыкі М.М. каб не падвяргаць небяспецы гаспадара, ён хаваўся ў зямлянцы каля лесу. У адзін з вераснёўскіх дзён 1943 года ён збіраўся ехаць у горад. Выйшаў з зямлянкі і ўбачыў, што яго акружаюць. Ускочыў на падводу і пагнаў каня да лесу. Усё вырашылі хвіліны. Раздаліся аўтаматныя чэргі. Яго схапілі параненага, М.М. Уладыка памёр у падароскім гестапа. Камітэт узначаліў Паўлоўскі М.Н. Але і яму доўга не давялося кіраваць. Узнікла пагроза арышту, і 15 лістапада 1943 года ён пайшоў у партызанскі атрад “За Радзіму”. Камітэт прыняў Курза Ф.А. Падпольная работа працягвалася.

1 лютага 1944 года пачаліся арышты Ваўкавыскага антыфашысцкага камітэта Беластокскім гестапа. Па даносу Міколы Хітрага было арыштавна больш 60 чалавек. Частка членаў камітэта пайшла ў партызаны.

2 лютага 1944 года гестапаўцы арыштавалі Рыгора Дзямідка, яго сыноў Уладзіміра і Івана, дачку Зіну. Рыгора Пракаповіча замучылі ў турме ў Беластоку, у канцлагеры папалі сыны Уладзімір і Іван, дачка Зіна. Марыі ўдалося пазбегнуць арышта. Яна апынулася ў партызанскім атрадзе імя Жукава брыгады Чапаева.

Пасля масавых арыштаў дзейнасць камітэта была аслаблена, але працягвалася да прыходу Чырвонай Арміі.

На тэрыторыі раёна дзейнічала дэсантная група “Стойкія”. Яна была сфарміравана ў горадзе Падольску ў верасні 1943 года і дэсанціравана на парашутах у раёне вёскі Свярынь Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Камандаваў групай афіцэр Чырвонай Арміі Паравазнюк І.Г. Загінуў у баі на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна 12 лютага 1944 года. Пахаваны ў Поразаве. Яго змяніў Груздзеў К.А.

Група “Стойкія” падпарадкоўвалася непасрэдну цэнтру, кіравалася ўказаннямі ЦК КП(б)Б і Беларускага штабу партызанскага руху. Іх было спачатку ўсяго 8 чалавек. Сувязь з Вялікай зямлёй ажыццяўляла радыстка Кузіна В.І., да вайны вучаніца.

Галоўнай базай групы стаў хутар Зыгмунтава, што ў сямі кіламетрах на паўночны захад ад Ваўкавыска ў бок Вярэяк, які належаў Апановічам. Усе дэсантнікі насілі форму Чырвонай Арміі, былі ўзброены аўтаматамі ППШ і пісталетамі ТТ. У іх асобе мясцовыя жыхары бачылі прадстаўнікоў Савецкай дзяржавы. Каб ведаць абставіны жыцця група ўстанавіла сувязі з жыхарамі Ваўкавыска і раёна. Нямала прыходзіла пад адпаведнай легендай для сустрэчы з групай на хутар Зыгмунтава сувязных з навакольных вёсак.

Здзейснена не адна дыверсія. Узрываліся масты. У маёнтку Ендрыхаўцы знішчана 8 тысяч пудоў жыта, пашкодзілі 8 кіламетраў тэлефонна-тэлеграфічных ліній, злучаўшых штабы і тылы групы нямецкіх армій “Цэнтр” з Кёнігсбергам і стаўкай фурэра “Волчье логово” у Усходняй Прусіі. На тэрыторыі Свіслачскага раёна скінулі пад адхон тры ваенныя эшалоны на лініі Ваўкавыск – Чаромха. Удзельнікі групы вялі прапагандыстскую работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты “Праўда”, “Известия”, “Красная Звезда”, брашуры і партызанскія лістоўкі. Пасля вызвалення Ваўкавыска пайшлі на Захад.

У 1943 годзе пачаўся новы этап партызанскага руху. Для непасрэднага кіраўніцтва барацьбой супраць акупантаў быў створаны Ваўкавыскі падпольны райком партыі і падпольны райком камсамола. Сакратаром райкома партыі выбралі камісара партызанскага атрада імя Калініна Лук’янава Г.С., а райкома камсамола – В.А. Чысову.

У гэтым жа годзе ў Бягомлі высадзілася група ў колькасці 30 чалавек. Месца дыслакацыі – Беластокская вобласць. Ад Бягомля да Белавежскай Пушчы дабіраліся больш двух месяцаў. Група папаўнялася добраахвотчыкамі з мясцовага насельніцтва. Ужо ў ліпені партызан было 70 чалавек і група была рэарганізавана ў партызанскі атрад імя Калініна. У Белавежскай Пушчы ў атрад уступіла больш за 20 чалавек.

Атрад пачаў баявыя аперацыі. Дыверсійныя групы атрада на чыгуначных лініях Ваўкавыск – Масты, Ваўкавыск – Слонім, Ваўкавыск – Гайнаўка скінулі пад адхон 21 эшалон, у якіх было разбіта 22 паравозы, 103 вагоны і платформы, забіта і паранена больш за 300 гітлераўцаў.

Карнікі праводзілі жудасныя расправы з сем’ямі партызан. 23 ліпеня 1943 года арыштавалі і на вачах усіх жыхароў Краснага Сяла расстралялі жонку партызана Целеша І.С. Наталлю і сямёра яе дзяцей.

У гэты дзень карнікі расправіліся з сям’ёй партызана Жаваранка І.П. з вёскі Дыхнавічы. Акружылі дом. Яго жонку Надзею і чацвёра маленькіх дзяцей вывелі на вуліцу і ў прысутнасці жыхароў вёскі расстралялі.

Па звярынаму вялі сябе акупанты ў адносінах да партызан, якія пападалі ў іх рукі. Камандзіра атрада імя Катоўскага Міхала Каргіна пераадзеўшыяся паліцэйскія захапілі ў палон, прывязлі ў Ваўкавыскую турму, доўга здзекваліся. Ён маўчаў. Яго пасадзілі на жалезўны кол. Е.Л. Петухоў “Партызанскімі тропамі”. Газета “Знамя Октября” № 62 от 24.05.88 г.).

14 ліпеня 1944 года чырвоны сцяг узвіўся над Ваўкавыскам. Яго ўстанавілі на адным з дамоў па вуліцы Савецкай сяржанты 457 палка Л. Сядоў і А. Хабараў. Сцяг захоўваецца ў музеі. Горад быў вызвалены.

15 ліпеня партызаны атрада імя Калініна прыбылі ў Ваўкавыск. Частка адразу далучылася да Чырвонай Арміі і пайшла на Захад.

Якія вынікі гаспадарання нямецкіх акупантаў за тры гады на тэрыторыі, якая была ўключана ў склад Германіі і лічылася сваёй.

18 красавіка была створана раённая камісія ў складзе 7 чалавек пад старшынствам сакратаря РК КП(б) Сотава І.Т. Яна правяла расследаванне на месцы, апытала сведкаў і склала акт, у якім гаварыцца аб матэрыяльных і людскіх стратах у Ваўкавыску і раёне за гады акупацыі.

Гітлераўцы спалілі і разбурылі 1650 жылых дамоў, 1715 іншых пабудоў, 19 школ, 4 хаты-чытальні. Знішчылі ўсе медыцынскія ўстановы, у тым ліку бальніцу, паліклініку, тубдзіспансер.

У апошні дзень свайго гаспадарання фашысты-падпальшчыкі спалілі лепшыя дамы ў горадзе Ваўкавыску.

Матэрыяльны ўрон па Ваўкавыскаму раёну склаў 198039483 рублі.

Вельмі вялікія людскія страты. З таго ж акта і другіх дакументаў пасляваеннага часу бачна, што ўжо з першых дзён акупацыі пачаліся масавыя расстрэлы жыхароў горада і раёна:
— ліпень 1941 г. – расстраляна 50 жыхароў г. Ваўкавыска ў канцы вуліцы Савецкай;
— 13 ліпеня 1941 г. – расстраляна 11 урачоў г. Ваўкавыска;
— верасень 1941 г. – расстраляна 300 жыхароў г. Ваўкавыска;
— 2 лістапада 1941 г. – расстраляна 4146 яўрэяў жыхароў г. Ваўкавыска ў Парахаўні;
— красавік – чэрвень 1942 г. арыштаваны і расстраляны Нізянскія камсамольцы, 34 жыхары Ваўкавыскага сельсавета;
— 7 ліпеня 1943 г. – спалена карнікамі вёска Шавулічы. Расстраляны 366 жыхароў вёскі, у тым ліку і 20 дзяцей. Дзяцей жывых бралі на штык. Людзі больш там не жывуць;
— 23 красавіка 1943 г. – расстраляны 11 жыхароў вёскі Калантаі і Лічыцы;
— люты 1944 года – арыштаваны члены антыфашысцкага камітэта, 60 чалавек;
— 20 чэрвеня 1944 года – расстраляны 14 мірных жыхароў в. Дзятлавічы.

Расстрэлы, расстрэлы, расстрэлы. Кожны год. А колькі іх не занатавана, не падлічана. Паспрабуй гэта зрабіць. Пры ваўкавыскім гестапа, як сказана ў акце ад 18 красвіка 1945 года, было абсталявана спецыяльнае памяшканне, у якім фашысты трымалі два галодных ваўкі. Фашысты кідалі на радзіранне вязняў, якія не прызнаваліся на допыце.

Згодна абагульненым звесткам аб ахвярах нямецка-фашысцкіх захопнікаў па Ваўкавыскаму раёну, даведка з Гродзенскага архіва за подпісам старшыні абласной камісіі па ўліку ўрону і злачынстваў П. Калініна, у Ваўкавыскім раёне за гады акупацыі расстраляна 9664 чалавекі, у тым ліку жанчын 3110, дзяцей 1554; павешана – 4.

У той жа час на франтах Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 – 1945 гадах загінуў 1101 чалавек. Амаль што адзін да дзесяці.

Такія вось вынікі гаспадарання нямецкіх акупантаў на Вўкавышчыне.

На Ваўкавыскай зямлі і ў самім горадзе пад магільнымі плітамі спяць векавым сном, загінуўшыя ад нямецкіх катаў і камандзіры і салдаты, партызаны і падпольшчыкі, мірныя жыхары. Гарыць Вечны агонь у Скверы памяці ў гонар загінуўшых. 14 ліпеня, Дзень вызвалення, стаў вялікім святам, якое кожны год адзначаецца ў горадзе і раёне. (арфаграфія і пунктуацыя арыгіналу захаваныя – нат. Ales’)

Аб аўтары:
ЧАРНЫШ Аляксей Пятровіч, нарадзіўся 16.08.1926 г. у в. Карсакавічы Барысаўскага раёна. Вучыўся ў Барысаўскім педвучылішчы (1945-1947 гг.), закончыў БДУ (1954 г.). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў дырэктарам Навасёлкаўскай пачатковай і Палянскай сямігадовай школ Ашмянскага раёна. Інспектар, загадчык аддзела народнай адукацыі Ашмянскага раёна (1957-1966 гг.). У Мастоўскім раёне займаў пасаду загадчыка райана і дырэктара школы. З 1974 г. працаваў у Ваўкавыскім раёне завучам Воўпаўскай СШ і СШ № 3 г. Ваўкавыска. З 1 верасня 1986 г. – дырэктар ваенна-гістарычнага музея імя П.І. Баграціёна. 16 снежня 1998 года А.П. Чарныша не стала. Ён пайшоў з жыцця раптоўна, да апошніх дзён знаходзячыся на сваім працоўным месцы ў музеі.