19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Віцебскай вобласьці нардзіўся беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. Казаць пра тое, што гэта быў за пісьменнік і чалавек — не мае сэнсу, яго творы трэба чытаць. Некалькі год пісьменнік жыў і працаваў у Гародні, дзе зараз есць яго музей. Сёння яму споўнілася б 87 год…

Васіль Быкаў навучаўся на скульптурным аддзяленьні Віцебскай мастацкай вучэльні. Скончыў Саратаўскую пяхотную вучэльню. У 1942 годзе будучы пісьменьнік уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Ваяваў на Другім і Трэцім Украінскіх франтах, прайшоў па тэрыторыі Румыніі, Баўгарыі, Вэнгрыі, Югаславіі, Аўстрыі, двойчы быў паранены. 

Упершыню творы Васіля Быкава былі апублікаваныя ў 1947 годзе, аднак творчая біяграфія пісьменьніка пачынаецца з апавяданьняў, напісаных у 1951 годзе. Тэматыка раньніх апавяданьняў, дзеючымі асобамі якіх сталі жаўнеры і афіцэры, вызначыла далёйшы лёс Быкава, многія з твораў якога прысьвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Бескампраміснасьць прозы Быкава стала прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменьніка ў ачарненьні савецкага ладу.

У 1974 годзе Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (за аповесьць «Дажыць да світання», 1973), у 1980 годзе атрымаў званьне Народнага пісьменьніка Беларусі, у 1986 годзе — быў уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесьць «Знак бяды».

Некаторыя творы пісьменьніка, такія як аповесьці «Трецяя ракета» (1962), «Дажыць да світання», былі экранізаваныя.

З 1972 па 1978 год Васіль Быкаў займаў пасаду сакратара Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР.

Вядомасьць Васілю Быкаву прынесла аповесьць «Трэцяя ракета», напісаная ў 1962 годзе. У 1960-е ён публікуе аповесьці «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», у 1970-я — «Сотнікаў», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Пайсці і не вярнуцца».

Гэтыя творы паставілі Васіля Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі ваеннай прозы XX стагодзьдзя.

Сярэдзіна 90-х нібыта вярнула пісьменьніка ў савецкія часы. Шырокая траўля ў дзяржаўнай прэсе, забарона, цэнзура на выхад яго новых твораў, пагаршэньне на гэтай глебе здароўя вымусілі Быкава пакінуць Радзіму. Некалькі гадоў ён жыў за мяжой.

У сьнежні 2002 году Васіль Быкаў пераехаў на сталае жыхарства ў Чэхію. Тады пісьменьнік сказаў, што ён «даўно марыў пасяліцца ў Чэхіі, заўсёды меў сымпатыю да гэтай краіны і яе грамадзянаў». У рашэньні праблемы пераезду Быкава ў Чэхію актыўны ўдзел прымала канцылярыя чэскага прэзыдэнта і асабіста Вацлаў Гавэл. Некалькі апошніх гадоў Герой Сацыялістычнай Працы, ляўрэат Ленінскай прэміі, народны пісьменьнік Беларусі пражываў у ФРГ, а да гэтага ў Фінляндыі.

Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 года ў 20 гадзiн 30 хвiлiн у рэанімацыйным аддзяленьні анкалягічнага шпіталю ў Бараўлянах, пад Менскам.

Па матэрыялам сайту bykau.by