На Гарадзеншчыне прозьвішчы затрыманых за рулём у стане алкагольнага апьяненьня кіроўцаў з указаньнем месцаў працы па сьпісах ДАІ будуць публікаваць у раённых газетах. Такое даручэньне пракурор вобласьці Віктар Марозаў даў падначаленым пракурорам.

Тыдзень таму ў абласной газеце «Гродненская правда» зьявіўся незвычайны артыкул — «Названы прозьвішчы і пасады тых, хто быў затрыманы пьяным за рулём». На думку аўтара артыкула (супрацоўніка абласной пракуратуры), у ДАІ недастаткова правяраюць дадзеныя аб працы затрыманых пьяных кіроўцаў. Надалей, піша пракурор, сьпісы асобаў, якія прадставіліся як «непрацуючыя», будуць накіроўвацца ў падатковыя органы — там ўдакладняць інфармацыю.

«Гэтыя людзі, якія цяпер знаходзяцца ў працаздольным узросьце, атрымалі бясплатную адукацыю ў нашых школах, карыстаюцца бясплатнай медыцынскай дапамогай, таму дзяржава, якая бярэ на сябе гэтыя выдаткі, мае права запатрабаваць у іх адказ: за кошт чаго яны жывуць? І мае права патрабаваць заплаціць падаткі дзяржаве, таму што асігнаваньні на адукацыю, на медыцыну ідуць за кошт паступаючых падаткаў », — падзяліўся Віктар Марозаў.

У публікацыі пазначаны прозьвішчы 10 затрыманых кіроўцаў і месцы іх працы. Сярод іх — супрацоўнікі мытні, майстар цэха, ляснічы, юрысконсульт, мастацкі кіраўнік аддзела культуры і іншыя. Пракуратура такім спосабам вырашыла зьвярнуць увагу кіраўніцтва арганізацый і прадпрыемстваў на супрацоўнікаў, якія садзяцца за руль у нецьвярозым стане і жадаюць пазьбегнуць пакараньня з боку працадаўцы.

У працяг тэмы ў сёньняшнім нумары раённай газеты «Наш час» пракуратура раёна, учуўшы ўказаньні пракурора вобласьці, размясьціла сьпісы 15 кіроўцаў, затрыманых у ліпені за кіраваньне транспартным сродкам у нецьвярозым стане ў Ваўкавыскім раёне і 7 кіроўцаў, затрыманых за кіраваньне транспартным сродкам у нецьвярозым стане і не маючых правоў кіраваньня.