У нядзелю 24 ліпеня на месцы колішняга фальварку Геніюшаў Жлобаўцы ля вёскі Воўпа Ваўкавыскага раёну адбылася талака, арганізаваная сябрамі кампаніі «Пакаяньне» аргкамітэту БХД і ваўкавыскімі грамадзкімі актывістамі. Талака па добраўпарадаваньні рэшткаў радавой сядзібы Ларысы Геніюш прайшла напярэдадні чарговага дня народзінаў славутай беларускай паэткі, хрысьціянкі, сакратаркі Беларускай Народнай Рэспублікі і пакутніцы сталінскага ГУЛАГу.

Супольнымі намаганьнямі ад зарасьцяў былі ачышчаныя падмуркі і ганак роднага дому паэткі, адноўлены надпіс на памятным камяні, што быў усталяваны тут у 2010 годзе да 100-дзя з дня яе нараджэньня. Пасьля працы удзельнікі талакі прыгадалі свае любімыя вершы Ларысы Геніюш.

Арганізатарка гэтай талакі, каардынатар праекта «Пакаяньне» Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Валерыя Чарнаморцава распавяла:

«Тыдні тры таму мы прыехалі сюды, каб адшукаць знакаміты фальварак Жлобаўцы. Але тут усё так зарасло, што нават прыехаўшы на гэтае месца, мы ледзь не гадзіну блукалі ў навакольлі ў пошуках гэтых падмуркаў. Таму напярэдадні жніўня, традыцыйнага часу розных мемарыяльных імпрэзаў, прысьвечаных дню народзінаў Ларысы Геніюш, мы вырашылі троху расчысьціць падмуркі роднай хаты маёй любімай паэткі, каб усе ахвотныя маглі прыехаць сюды і належным чынам ушанаваць яе памяць. Дарэчы, 7 і 20 жніўня адбудуцца 2 сяброўскія вандроўкі ў гэтыя мясьціны з вядомым краязнаўцам і музыкам Аляксеем Фраловым. Вандроўкі маюць такую рамантычную назву Genius Terra: зямля Геніюш ці зямля геніяў. Запрашаю усіх ахвотных далучацца да іх.»

Паводле bchd.info