Згодна з распараджэннем біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у нашай краіне, запланаваныя на красавік – чэрвень 2020 г. урачыстасці, звязаныя з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі, былі перанесены на пазнейшы час, да ўзгаднення з біскупам, які ўдзяляе сакрамэнт, паведамляе grodnensis.by.

Усе ж запланаваныя ў гэтым годзе ўрачыстасці Першай Камуніі на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі былі перанесены на верасень 2020 г. Вызначэнне канкрэтнай даты першакамунійных урачыстасцяў належыць да кампетэнцыі пробашча або адміністратара парафіі.

РАСПАРАДЖЭННЕ

Біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з пандэміяй каранавірусу

У сувязі з пандэміяй каранавірусу COVID-19, беручы пад увагу распараджэнні Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Сусветнай арганізацыі здароўя адносна ўстрымання ад арганізацыі масавых мерапрыемстваў, ніжэйшым пастаўляю, каб на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ўсе запланаваныя ў 2020 г. урачыстасці Першай Камуніі былі перанесены на верасень 2020 г. Вызначэнне канкрэтнай даты першакамунійных урачыстасцяў належыць да кампетэнцыі пробашча або адміністратара парафіі.

Загадваю таксама, каб запланаваныя на красавік – чэрвень 2020 г. урачыстасці, звязаныя з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі, былі перанесены на пазнейшы час, да ўзгаднення з біскупам, які ўдзяляе сакрамэнт.

У дадзенае распараджэнне могуць быць унесены змены, у залежнасці ад дынамікі развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі.

Дзякую за разуменне.

З пастырскім благаслаўленнем

Aляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі