6 красавіка ў парафіяльным касцёле св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі кс. каноніка Алега Дуля ў першую гадавіну яго смерці.

Пачатак Імшы а 12-й, паведамляе grodnensis.by.

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе святары, сёстры законныя і свецкія вернікі, каб супольна памаліцца аб жыцці вечным для спачылагa.

Ксёндз канонік Алег Дуль нарадзіўся ў 1973 годзе ў в. Падгалішкі, якая належыць да парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (Радунскі дэканат).

У 1997 г. скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, 16 кастрычніка 1999 г. біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

З 1999 па 2000 гг. служыў вікарыем у сваёй роднай парафіі ў Забалаці, адначасова абслугоўваў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы, Божай Міласэрнасці ў Доцішках і св. Юрыя ў Асаве.

З 2000 г. распачаў служэнне ў якасці пробашча ў парафіі ў Начы.

З 2007 года быў пробашчам парафіі св. Станіслава Косткі і дэканам Ваўкавыскага дэканату.

Памёр 3 красавіка 2020 г. у Ваўкавыску на наступны дзень пасля смерці свайго бацькі.