Услед за Гродна мода на ўстаноўку шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліц дакацілася і да Ваўкавыска.

На чарговай сесіі Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася 26 мая, адным з пытанняў парадку дня было пытанне аб ходзе выканання рашэння райсавета ад 27 лютага 2017 г. № 129. Рашэннем адпаведныя інстанцыі і ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна павінны былі ўстанавіць назвы асноўных вуліц Ваўкавыска з улікам гістарычных перыядаў, вызначыць некалькі будынкаў у гістарычным цэнтры горада і ўдакладніць, якія аб'екты размяшчаліся ў гэтых будынках у розныя гістарычныя перыяды. А ваўкавыскім камунальнікам загадана адшукаць магчымасць для вырабу таблічкі на вуліцах і будынках Ваўкавыска і карты-схемы горада і размясціць у цэнтральнай частцы райцэнтра.

У пералік увайшлі дванаццаць вуліц: завулак і вуліца К. Маркса, вуліцы Баграціёна, Дзяржынскага, Жолудзева, Чырвонаармейская, Кутузава, Леніна, Мядзведзева, Панковай, Перамогі і Савецкая.

Тапанімічная камісія вызначыць вуліцы, на якіх будуць устаноўлены таблічкі, і мова для напісання назвы. Застаецца спадзявацца, што, па змаўчанні, гэта будзе па-беларуску...