У вігілію Божай міласэрнасці 14 красавіка ў парафіі Святой Тройцы ў Росі адбылася сустрэча, у якой удзельнічалі вернікі і пілігрымы з навакольных парафій. На распачацце сустрэчы была адкрыта цудатворная фігура Езуса Журботнага. 

А 15-й гадзіне – Гадзіне міласэрнасці – мы адгаварылі Вяночак да Божай міласэрнасці. Чарговым пунктам праграмы была канферэнцыя, якую прамовіў пробашч парафіі кс. Чэслаў Паўлюкевіч.

— Я падаю людзям начынне, з якім павінны прыходзіць па ласкі да крыніцы міласэрнасці. Тым начыннем з’яўляецца гэты абраз з надпісам: Езу, давяраю Табе, – кс. Чэслаў цытаваў “Дзённік” св. сястры Фаўстыны Кавальскай. Ён таксама патлумачыў, што Пан Езус на гэтым абразе не да канца адкрывае сваё сэрца, таму што сваім бляскам Ён асляпіў бы нашыя вочы, але Ён хоча, каб мы самі прыйшлі да невычарпальнай крыніцы Яго міласэрнасці.

Другая частка сустрэчы распачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту, дзе кожны ў цішыні мог адараваць Пана Езуса. Вернікі таксама маглі прыступіць да сакраманту паяднання. У “Дзённіку” св. сястры Фаўстыны Езус паказвае веліч ласкаў, якія плывуць у гэтую асаблівую гадзіну: “…бо ў гэтую гадзіну ты можаш выпрасіць усё для сябе і іншых, у гэтую гадзіну адбылася ласка для ўсяго свету – міласэрнасць перамагла справядлівасць”.

А 18-й гадзіне распачалася Эўхарыстыя. Падчас казання кс. Андрэй Радзевіч паглыбіў паняцце і значэнне міласэрнасці ў жыцці кожнага чалавека.

Пасля Эўхарыстыі мы ўдзельнічалі ў набажэнстве да Езуса Журботнага. У гэты час кожны з нас мог паглыбіцца ў бездань Божай міласэрнасці, стоячы перад Езусам, утоеным у Найсвяцейшым Сакраманце. Падчас усёй сустрэчы нам спадарожнічалі рэліквіі св. Фаўстыны Кавальскай і бл. кс. Міхала Сапоцькі. На заканчэнне набажэнства мы атрымалі бласлаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам і ў духу падзякі вярнуліся ў свае дамы, каб іншым сведчыць аб бясконцай Божай міласэрнасці.

Вольга Тарасевіч, Рось