Ці паверыце Вы, шаноўны наведвальнік сайта “Ваўкавыск”, што за дзве невялічкія зімы можна з 11 дзяцей стварыць хакейную каманду, якая здолее на роўных змагацца з лепшымі калектывамі вобласці? Што сярод сучасных падлеткаў звычайнага пасёлка, “падсеўшых” на піўко і інтэрнет знойдуцца асобы, якія будуць чысціць лёд возера, адпрацоўваць перадачы, тэхніку тармажэння і паскарэння, тактыку абароны і нападзення?

22 лютага каманда г.п Краснасельскі прадстаўляла Ваўкавыскі раён на абласным хакейным турніры “Каласок” (для дзяцей 1995 года нараджэння з аграгарадкоў, пасёлкаў і вёсак).

Мы выказваем шчырую падзяку Ваўкавыскаму раённаму ФСК, які забяспечыў хакейнай формай, выдаткаваў грошы на харчаванне і арганізаваў наш удзел у турніры, Валчку Р.Э., а таксама настаўніку СШ г.п. Краснаселькі Пайлаку Д.Д., які дапамагаў чысціць пляцоўку.

Аднак прыехаць на турнір без навостраных канькоў немагчыма, і вялікі дзякуй супрацоўнікам лядовага палаца ў Лідзе, якія дазволілі скарыстацца сваім інвентаром.

Нягледзячы на нешматлікасць (11 чалавек), узрост (1996-1997 г.н.), адсутнасць хакейнай каробкі (трэніраваліся на возеры Баклаха, лёд якой чысцілі самі дзеці), каманда здолела змагацца з больш дарослымі, вопытнымі калектывамі. Паражэнне ад чэмпіёна 2009 года каманды з Орлі (Шчучынскі раён) 1:3 стала адметна першай за апошнія гады забітай шайбай прадстаўнікоў Ваўкавышчыны (Краўчук Д.). Здаецца, мы былі без шансаў у гульні супраць Ліды (дзе пад выглядам дзяцей з вёскі выступалі спарцмены, якія маюць тры трэніроўкі ў тыдзень пад кіраўніцтвам прафесійнага трэнера на лядовай арэне). Аднак мы здолелі арганізаваць тры выхады на іх вароты сам-насам і нават аднойчы “заперлі” супернікаў у іх зоне. Аднак у трэцім перыядзе лік з даволі прыстойнага 0:2 пераўтварыўся ў 0:6. Быў шанец пазмагацца з хлопцамі з Азёр (Гродзенскі раён), магчыма, адзінай сапраўднай “дваровай” камандай акрамя нас на турніры. Было відавочна, што ўсе астатнія 8 калектываў даўно і сістэмна падтрымліваюцца раённымі ўладамі, іх рэгулярна падвозяць на лядовыя арэны (у тым ліку і ў іншыя раёны), арганізоўваюць турніры. А каманда з Азёр, як і мы, сама трэніруецца (у нас хоць нейкі трэнер ёсць), аднак мае хакейную каробку прыстойнага памеру (мы ж чысцім лёд возера, які пасля кожнай гульні губляе сваю якасць). Нас прыемна ўразілі гэтыя хлопцы, якія прайгравалі 0:4 Лідзе, аднак зрабілі лік 3:4 і на апошняй секундзе ледзь не забілі (я б с цікавасцю праглядзеў відыёпаўтор, калі б ён быў).

Першы перыяд для нас скончыўся традыцыйна для гэтага турніра 0:1. Аднак на другі неабходна было на 10 хвілін выстаўляць дзяцей 1997 года нараджэння. У нас такіх было толькі 4, так што прыйшлося другому варатару каманды Віталю Санцэвічу выходзіць на лёд. Ён пратрымаўся толькі некалькі хвілін, але наша чацьвёрка выстаяла і не прапусціла. Аднак на трэці перыяд сіл не хапіла (лік гульні 0:3). Мы не вытрымалі фізічна трэці выхад на лёд за дзень (у суперніка было толькі другая гульня). У мінулым годзе наша каманда прайграла той жа Орлі і Ашмянам па 11:0. Яшчэ раней гульні з удзелам прадстаўнікоў Ваўкавыскага раёна спынялі датэрмінова пасля двухзначных лікаў. Таму відавочна, што ў першыню за апошнія гады з’явілася каманда, здольная змагацца на роўных з лепшымі калектывамі  вобласці. І ў наступным годзе акрамя Болдака Яўгена (1995 г. н.) мы ўсе маем магчымасць паспрачацца з супернікамі на “Каласке-2013”: Жук Андрэй, Каральчук Аляксандр (К), Краўчук Дзмітрый, Некала Сяргей, Новік Віталь, Санцэвіч Віталь, Севярын Сяргей, Урублеўскі Юрый, Ушчанка Іван, Штоп Аляксей.

Хочацца падзякаваць аўтару сайта, які размесціў наш заклік далучацца на нашай лігі Баклахі. І хай толькі адгукнуўся Сяргей Грушэвіч, былы варатар ваўкавыскай каманды яшчэ тых часоў, калі яны на роўных змагаліся з лідэрамі вобласці, ён дапамог трэніраваць дзяцей (асабліва варатара), ахвяраваў для нас свае шайбу і клюшку. Таму просім размесціць наш яшчэ адзін заклік.

Нас чакае 13-14 сакавіка турнір “Залатая шайба”, у якім могуць прыняць удзел толькі 6 чалавек (астатнія нарадзіліся раней за 1997 г.). Нам вельмі патрэбны дзеці, якія добра валодаць канькамі (нават калі і ролікавымі), маюць павагу да дысцыпліны і жадаюць адчуць сябе сапраўднымі  хакеістамі. Лёд зыходзіць, аднак мы можам падказаць шэраг сакрэтаў, пазнаёміць з тактыкай (нам дапамагаюць канадскія матэрыялы з інтэрнета). Калі б яшчэ знайшліся неабыякавыя асобы, якія арганізавалі б нам паездку ў лядовы палац перад турнірам, каб патрэніравацца і навастрыць канькі? На сёння ж мы трымаемся на энтузіязме дзяцей, якія заахвочваюць і самавучку- трэнера. Няўжо каманда па хакею нікому акрамя нас не патрэбна?