Мастоўскі грамадскі актывіст Васіль Клімовіч працягвае сваё няроўнае змаганне з абсурднай судовай сістэмай Гарадзенскай вобласці. Ён атрымаў адказ на сваю скаргу ад старшыні Гарадзенскага абласнога суда Аляксандра Корзуна. Высокі судовы начальнік не захацеў выправіць судовы абсурд свайго ведамства. Нагадаем, што Васіль Клімовіч абсалютна незаконна быў засуджаны судом Мастоўскага раёну, а потым абласны суд не задаволіў яго касацыйную скаргу.

Аляксандр Корзун лічыць, што ўсё ў сфабрыкаванай адміністрацыйнай справе Васіля Клімовіча было законным. Нягледзячы на тое, што свіслацкія міліцыянты паблыталі Васіля Клімовіча з іншым чалавекам і стварылі фальшывы пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне.

Мастоўскі раённы суд 25 лістапада 2016 году асудзіў Васіля Клімовіча за ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным Дню памяці паўстанцаў 1863 г. па ч. 1  арт. 23.34 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў г. Свіслач і в. Якушоўка і выкарыстоўванне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга). Суддзя Цыбульскі, які вёў судовае паседжанне, прысудзіў актывісту штраф у памеры 9 базавых велічынь (189 беларускіх рублёў). Камічнасць і абсурд сітуацыі ў тым, што Васіль Клімовіч у гэты дзень знаходзіўся ў горадзе Масты, а значыць, фізічна не мог прысутнічаць на мерапрыемстве, што адбывалася ў Свіслачы. Аргументы  Васіля Клімовіча ў сваю абарону суддзём не разглядаліся ўвогуле, а міліцыянты, якія былі сведкамі, сцвярджалі, што Васіль Клімовіч прымаў актыўны удзел у мерапрыемстве. У хадайніцтве выслухаць сведкаў, якія б пацвердзілі слушнасць слоў Васіля Клімовіча, суддзя адмовіў.

22 снежня 2016 г. суддзя Гродзенскага абласнога суда Андрэй Ліхач падышоў да справы абсалютна фармальна, скаргу дэмакратычнага актывіста не задаволіў, рашэнне Мастоўскага раённнага суда пакінуў без зменаў. Зараз гэтае рашэнне пацвердзіў старшыня Гарадзенскага абласнога суду Аляксандр Корзун. Такім чынам, створаны прэцэдэнт абсалютнага беззаконня з боку судоў Гарадзеншчыны.

Васіль Клімовіч чакае яшчэ адказу з абласной пракуратуры, якая не спяшаецца з сваім афіцыйным адказам і мае намер скардзіцца далей у Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь паведамляе Гарадзенская вясна.