• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

Люстрадзён на сёньня

1 верасьня 1853 г. у Варшаве нарадзіўся беларускі і польскі фальклярыст, этнограф, археоляг Міхал Адольфавіч ФЕДАРОЎСКІ.

Бацька яго — Адольф — прымаў актыўны ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гг. і вымушаны быў пасьля эміграваць: у 1866 годзе пакінуў сям’ю, а ў 1870 г. у час франка-прускай вайны як валянтэр францускай арміі загінуў у бітве пад Арлеанам. Маці — Элеанора з роду Гонсавічаў.

У 1870 г. скончыў чацьвертую клясу мужчынскай прагімназіі з расейскай мовай навучаньня ў Варшаве. Пачынае паглыблена вывучаць філязофію, літаратуру, іншыя навукі пад кіраўніцтвам Ф. Крупінскага, свайго былога настаўніка, аўтара вядомых прац «Будучыня філязофіі» і «Пазытыўная школа».

З-за кволага здароўя (з 13 год хварэў на сухоты) сваякі прадраклі яму прафэсыю «гаспадара», працаўніка на зямлі, каб быць бліжэй да вольнага паветра. Таму на працягу 1870—1874 гг. юнак праходзіць сельскагаспадарчую практыку ва ўзорным маёнтку Ф. Лютаслаўскага пад Ломжаю, агародную практыку ў Урсынове пад Варшаваю, кароткую вучобу вольнага слухача на агранамічным аддзяленьні Пятроўска-Разумоўскай акадэміі пад Масквой.

У 1875—1877 гг. Федароўскі працуе ў маёнтках аграрыя і прыродазнаўцы М. Палескага ў Олькускім павеце недалёка ад Кракава. Пачынае зьбіраць этнаграфічныя матэрыялы ў ваколіцах Севежа. За два гады малады дасьледчык назапасіў горы матэрыялу і напісаў двухтомную працу «Люд ваколіц Жарак, Севежа і Піліцы, яго звычаі, спосаб жыцьця, абрады, паданьні, чары, забабоны, песьні, забавы, прыказкі, загадкі і ўласьцівасьці мовы» (выйшла ў 1888 — 1889 гг.).

Пад канец 1877 г. пераехаў у ваколіцы Пружан, у маёнтак Ліноўка В. Швыкоўскага, жонка якога была даўняй сяброўкай маці Федароўскага. На Беларусі ён правядзе 27 год.

У верасьні — кастрычніку 1878 г. скончыў апісаньне вясельнага абраду ў Ваўкавыскім павеце. Гэта цэлая манаграфія на 144 старонках рукапісу, якая паказала вясельле беларусаў ад пачатку да канца з усімі яго дэталямі, рытуальнымі традыцыйнымі падрабязнасьцямі. Апісаньне ілюструюць 208 песень.

Пачаўшы работу на Беларусі, Федароўскі найперш вывучыў мову народа, дасьледаваў асаблівасьці дыялектаў, з сялянамі любіў гаварыць па-іхняму (пасьля нават крытыкаваў сваіх калег-этнографаў М. Дзьмітрыева і П. Шэйна за няўвагу да мовы беларусаў). Ён зьбіраў прадметы матэрыяльнай культуры (купляў у сялян па вёсках, на кірмашах, даставаў праз знаёмых) і рабіў запісы твораў культуры духоўнай — беларускага фальклёру.

У 1884—1894 гг. Федароўскі арандаваў фальварак Косін у Ваўкавыскім павеце. Гэты пэрыяд быў самым інтэнсіўным часам зьбіральніцкай дзейнасьці этнографа. Задумаўшы стварыць усебаковае дасьледваньне пра беларускі народ, Федароўскі запісваў усё: паданьні і казкі, вераваньні і забабоны, жарты і показкі, прыказкі і загадкі, песьні і прыпеўкі; занатоўваў разнастайныя факты і здарэньні зь мясцовага жыцьця, апісваў абрады, народныя промыслы, прадметы матэрыяльнай культуры. Але першай любоўю Федароўскага-зьбіральніка з поўным правам можна назваць песьню. За першае дзесяцігодзьдзе працы на Беларусі ён запісаў некалькі тысяч тэкстаў народных песень. Увесь гэты час шукаў у памочнікі музыку, каб зьбіраць і мэлёдыі.

Праз Я. Карловіча ў 1889 г. Федароўскі ўстанавіў кантакт з Акадэміяй навук у Кракаве, якая выказала гатоўнасьць надрукаваць сабраныя ім матэрыялы. Зьбіральнік разьлічваў, што яго праца будзе складацца з 10 вялікіх тамоў. Ужо ў 1886 г. ён меў падрыхтаваныя да друку чатыры сэрыі (шэсьць тамоў), кожная зь якіх на ўзор прац О. Кольбэрга зьмяшчала ўсебаковае апісаньне аднаго павету (Ваўкавыскі, Слонімскі, Лідзкі, Сакольскі) — яго прагісторыю і тапаграфію, характарыстыку фізычных і духоўных рысаў народа, пабудоў, інвэнтару сялян, абрадаў, фальклёру і асаблівасьцяў дыялекту. Але Акадэмія (перапіску вёў прафесар Ягелонскага ўнівэрсытэту І. Капярніцкі) паставіла ўмову: тамы павінны характарызаваць ня пэўныя рэгіёны, паветы, як у О. Кольберга, а зьмяшчаць канкрэтныя матэрыялы з усёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, дасьледаванай этнографам. Напрыклад, том 1: Фізыяграфія, гісторыя, фізычныя і духоўныя рысы беларускага народу; том 2: Вера і вераваньні; том 3: Паданьні і казкі і г. д.; апошні том — асаблівасьці мовы і слоўнік.

Падрыхтаваныя тамы трэба было парарабляць. У 1891 г. рукапіс першага тому быў гатовы. Аўтар назваў яго «Люд беларускі на Русі Літоўскай. Матэрыялы да славянскай этнаграфіі, сабраныя ў 1877—1891 гг. Міхалам Федароўскім. Т.I Вера, вераваньні і забабоны люду ваколіц Ваўкавыска, Слоніма, Ліды і Саколкі». Выйшаў ён толькі ў 1897 г. Сюды ўвайшло 2835 запісаў пра вераваньні беларусаў, зьвязаныя з Богам і сьвятымі, мітычнымі істотамі, прыродай і чалавекам, адносінамі чалавека да прыроды, духоўнага сьвету, да людзей і сябе самога, з ушанаваньнем прадметаў, матэрыялы пра сямейныя, таварыскія, юрыдычныя звычаі, пра гаспадарчы і прамысловы занятак насельніцтва. Трапіў сюды таксама сьпіс 217 лекавых расьлін з мясцовымі назвамі і назвамі па-латыні. Памагаў арыентавацца ў велізарным матэрыяле алфавітны прадметны паказальнік.

Першы том «Люду беларускага» атрымаў высокую ацэнку вучоных — расейскіх, польскіх, украінскіх, чэскіх. Дзесяць гадоў Кракаўская Акадэмія шукала сродкі, каб выдаць рукапісы наступных тамоў. Другі том выйшаў у 1902 г. У ім надрукавана 410 казак, паданьні пра мясцовасьці. Трэці том выйшаў у 1903 г. У яго ўвайшлі гістарычныя і мясцовыя паданьні, апавяданьні з паўсядзённага жыцьця і гумарыстычныя. Ёсьць тут казкі і показкі. Федароўскі дадаў сюды і матэрыялы з Слуцкага і Наваградзкага паветаў.

Чацьвёрты том «Люду беларускага» выйшаў з друку ў 1935 г., ужо пасьля сьмерці Федароўскага. З 28 000 картак-запісаў Федароўскага Ч. Пяткевіч — этнограф, дасьледчык рэчыцкага Палесься — адабраў 13 231 нумар. Выданьне стала непераўзыдзеным зборнікам беларускіх прыказак і прымавак, фразэалягізмаў. Зьмешчаныя ў ім тосты і віншаваньні, калямбуры і кленічы, загадкі і мянушкі, просьбы і жарцікі, прозьвішчы і імёны сялян з розных паветаў (Слонімскі, Ваўкавыскі, Лідзкі, Гродзенскі, Сакольскі і інш.) — матэрыялы, якія да Федароўскага амаль не публікаваліся.

Песьні са збораў Федароўскага ўвайшлі ў пяты, шосты і восьмы тамы «Люду беларускага», якія выйшлі ў 1958, 1960 і 1981 гг. (сёмы том зьяўляецца дадаткам да пятага і шостага. У ім зьмешчаны дасьледваньні пра самога Федароўскага і яго зборы). Туды трапілі 5036 песень і прыпевак з ацалелага архіва этнографа.

У 1892 г. Федароўскі ажаніўся са Стафаніяй Бітнэр, дачкою памешчыка з Келецкага ваяводзтва. Жаніцьба, сямейныя клопаты звузілі размах зьбіральніцкай працы этнографа. «Жонка з цесьцем, — пісала польская дасьледчыца біяграфіі М. Федароўскага Г.Казэрская, — пагадліва і непрыязна адносілася да беларускага народа, ім былі ненавісны навуковыя працы Федароўскага». Да гонару Федароўскага, ён не адступіўся ад улюбёнай справы.

У 1897 г. Федароўскі пераехаў у маёнтак Падоль у Слонімскім павеце. Ён глыбей вывучае мясцовыя і суседнія ваколіцы, апісвае мясцовае ткацтва і ганчарства, народныя музычныя інструмэнты, рыбалоўства, паляваньне, цясьлярства, гадоўлю свойскай жывёлы, кавальства, вясковае будаўніцтва і інш., занатоўвае лексыку мясцовых гаворак, якую намерваецца выдаць у будучым як дапаўненьне да слоўніка І. Насовіча, запісвае некалькі батлеечных спектакляў, выступае ў друку.

У канцы XIX — пачатку XX ст. Федароўскі выбіраецца сябрам шматлікіх навуковых устаноў і таварыстваў: Этнаграфічнага таварыства ў Львове, Антрапалягічнай камісіі Акадэміі навук у Кракаве, Польскага краязнаўчага таварыства, Нумізматычна-археалягічнага таварыства ў Кракаве, Таварыства прыгожых мастацтваў у Вільні і інш. Шматлікія станоўчыя водгукі на яго тамы «Люду беларускага» робяць імя Федароўскага вядомым у краі і за мяжою.

Інтэнсыўная зьбіральніцкая, навуковая і выдавецкая праца прывяла да таго, што Федароўскі занядбаў гаспадарку і апынуўся перад фактам разарэньня. Гады на пераломе стагодзьдзяў не былі шчаслівыя ў яго жыцьці. Хутчэй яны былі трагічныя, зусім не спрыялі навуковай рабоце. Акрамя няшчасьцяў у сям’і — ад хвароб паміраюць трое яго дзяцей, на чатыры гады ён разыходзіцца з жонкаю, — на галаву Федароўскага спадаюць яшчэ і гаспадарчыя беды: вада залівае палі і сенажаці маёнтка Падоль. Панёсшы велізарныя страты, у 1904 г. Федароўскі мусіў пакінуць Беларусь.

Так этнограф апынуўся ў горадзе свайго дзяцінства Варшаве. Ён прывёз з сабою багатыя калекцыі этнаграфічных і археалягічных экспанатаў, сабраныя на Беларусі, некалькі тысяч навуковых кніг пераважна з XVIII і XIX стст., больш за 5000 гравюр, велізарную колькасьць гістарычных дакумэнтаў і прыватных пісем XVII і XVIII стст. з архіваў Пацаў, Пацеяў, Храптовічаў, Сапегаў і інш., сабраных ім у шляхецкіх дварах і засьценках. Каб знайсьці сродкі для існаваньня, Федароўскі пачынае прадаваць свае калекцыі, трапляе ў кола варшаўскіх бібліяфілаў, антыквараў, калекцыянэраў кніг і карцін, становіцца пасрэднікам у іх гандлёвых угодах.

У 1909 г. М. Федароўскі наладзіў кантакт з К. Пшыбыслаўскім з Уніжа на Ўкраіне — калекцыянэрам старых кніг, твораў мастацтва, нумізматам, зь якім супрацоўнічаў доўгія гады. Ён памог Тышкевічам з Чырвонага Двара каля Коўна папоўніць іх кнігазбор старадрукаў. Вядомая ж калекцыя Д. Вітке-Яжэўскага, у якой былі графіка і жывапіс, абразы і рысункі, рукапісы і кнігі, была сабрана амаль цалкам пры пасрэдніцтве Федароўскага. Пра гэты збор М. Федароўскі нават напісаў кнігу. Калекцыя ўключала карціны з беларускімі пэйзажамі, партрэты беларускіх народных тыпаў.

У Варшаве Федароўскі не забывае пра Беларусь. Зьбірае пра яе матэрыялы на месцы, каб папоўніць свае этнаграфічныя папкі. Цесны кантакт у яго зь Вільняй, з рэдакцыяй «Нашай нівы», якую ён выпісвае. Праз «Нашу ніву» ён набывае беларускія выданьні, календары. На просьбу газэты дасылае ў рэдакцыю тамы «Люду беларускага». 10 лістапада 1909 г. атрымлівае з рэдакцыі віншаваньне: «Шаноўны пане Федароўскі! Сабраўшыся грамадой і спраўляючы юбілей 3-гадзічны „Нашай нівы“, успомнілі Вашу шматгадовую працу над этнаграфіяй беларушчыны, шчыра вітаем Вас». Вітаньне падпісалі Я. Купала, С. Палуян, А. Уласаў, А. Луцкевіч, А. Бурбіс, М. Шыла, Л. Рагоўскі, Ядвігін Ш., І. Луцкевіч, В. Ластоўскі і інш.

У 1921 г. М. Федароўскі стаў навуковым супрацоўнікам аддзелу этналёгіі Інстытуту антрапалягічных навук. Адразу ж перанёс у свой кабінэт у Інстытуце сабраныя раней матэрыялы, пачаў рыхтаваць выданьне далейшых тамоў «Люду беларускага». У канцы 1921 — пачатку 1922 гг. у Варшаўскім навуковым таварыстве прачытаў шэраг рэфэратаў-успамінаў пра этнаграфічную работу на Беларусі.

Але з паловы 1922 г. стан здароўя Федароўскага пагоршыўся. У траўні 1923 г. ён склаў завяшчаньне. 10 чэрвеня 1923 г. Міхала Федароўскага ня стала. Пахаваны ён на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве.



Комментарии от авторизованных пользователей видны всем пользователям сразу, анонимные только после модерации!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Добавить комментарий

Последение комментарии

Сражение у Волковыска: в эти дни более 200 лет назад

Путаете Вы всё. Когда строили фок и силуэт ни каких костей уже не было. И не овраг а грунтовая дор...


Волковыск в старых фотографиях

Проект "Волковыск в старых фотографиях" действующий? Почти случайно забрела, увидела фото пробабушки...


Деревня Шнипово

где можно прочитать историю деревни?


Волковыск в старых фотографиях

wiktar, вы пишете "у нас". Вы сейчас живете в Волковыске? Не знаете случайно, сохранились ли книги р...