«Ты пойдзеш і выратуеш сабой астатніх»

Ігар успамінае пачуццё, якое пераследавала яго ўвесь час у зняволенні: страх, што па знойдзеных на яго тэлефоне фота могуць затрымаць кагосьці іншага і што перад вызваленнем яму дакінуць яшчэ адзін артыкул — за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі.

Перевод статьи«Асудзяць аднаго, а запужаюць дзясяткі іншых». Как в Беларуси наказывают за неповиновение в колонии и добавляют срок к приговору

— Могуць накінуць, бо «трэба». Усіх палітычных там перыядычна караюць. Але і ты можаш там нешта парушыць несвядома: выйсці без робы, а там будзе нейкі ахоўнік не ў гуморы. Сістэма так працуе, што ёсць пакаранні, ёсць мажлівасць некага перавесці на крытую зону, ёсць мажлівасць накінуць яшчэ год, і калонія іх выкарыстоўвае.

Асцярога Ігара не была беспадстаўнай: у адзін з апошніх разоў, калі ён быў у ШІЗА, да яго прыйшоў начальнік калоніі і прапанаваў памыць прыбіральні. Ігар адмовіўся. Начальнік прыгразіў 411 артыкулам і пераводам на строгі рэжым.

— Ён так гэта кажа, што ты не ведаеш: ён гэта сур’ёзна ці не сур’ёзна? У моманце ты ўспрымаеш гэта як пагрозу. І ты як бы: «Блін, ну ўсё». Я ў ШІЗА заходжу і думаю: «Піздзец, яшчэ паўгода ён мне наабяцаў». Я яму кажу: «А за што да мяне такая жорсткасць?» — «Ды ні за што. Проста. Ты пойдзеш і выратуеш сабой астатніх».

«Нешта выдаляць з тэлефона — гуляць па правілах сілавікоў і падавацца». Затрыманне

Ігара затрымалі летам 2021 года. Мужчына чакаў, што па яго прыйдуць, але ў той жа час адганяў гэтыя думкі і ніяк не рыхтаваўся да затрымання. Ён не выдаляў фатаграфіі з пратэстаў з тэлефона, бо быў упэўнены, што пры затрыманні не дасць пароль ад смартфона. Да таго ж, як кажа Ігар: «Нешта выдаляць — гуляць паводле правілаў сілавікоў і паддавацца». А гэтага яму не хацелася.

— Але калі затрымалі мяне, то я, шчыра кажучы, трошачкі разгубіўся і на хвіліну страціў самавалоданне. І ён [сілавік] так сказаў: «У вас жа ў тэлефоне нічога няма?» Я кажу: «Канечне, не», адкрыў тэлефон. А там было.

Пры затрыманні сілавікі не ўжывалі да Ігара фізічную сілу і не ціснулі маральна. Ён не перажываў, што праз фота апынецца ў калоніі, але ўвесь час думаў, што на яго здымках могуць знайсці іншых людзей і затрымаць іх.

— Людзі сядзяць. А калі людзі сядзяць, то чаму не ты? Гэта неяк несумленна, што Бабарыка сеў, а мы тут гуляем, ямо марозіва і п’ем піва. А ты хацеў, каб ён гэта зрабіў [пайшоў на выбары], ты быў рады таму, што ён робіць. Але ён зараз сядзіць, а ты не. Я ўвогуле за калектыўную адказнасць: узяць, падзяліць гэтыя тэрміны, калі б так можна было.

Пасля затрымання Ігара адправілі на Акрэсціна на 12 сутак. Адразу яго змясцілі ў чатырохмясцовую камеру, дзе сядзелі 18 чалавек. Мужчына кажа, што там было камфортна: у адной камеры сабраліся аднадумцы, якія размаўлялі, смяяліся, падтрымлівалі адзін аднаго. Толькі месца не хапала.

Пазней Ігара перавялі ў камеру насупраць. Мужчына мяркуе, што там была ўсталяваная праслухоўка. Сукамернікі былі ўжо не «палітычныя», а «дэбашыры». Ігар кажа, што сярод іх быў адзін, які ўвесь час задаваў правакацыйныя пытанні кшталту: «Ты "Майн Кампф" чытаў?»

Калі Ігар захварэў, то яго з высокай тэмпературай перавялі ў двухмясцовую камеру. Там яму дазволілі ўзяць трохі цёплых рэчаў і выдалі матрац. Калі тэмпература спала, матрац забралі. Але Ігару ўдалося пакінуць сабе трохі рэчаў.

— Было холадна настолькі… Добра, што ў меня быў швэдар і куртка, і мы [з сукамернікам] маглі падзяліцца. У майго сукамерніка нічога не было, усё забралі. Мы спалі апошняй ноччу ўдвух на адным ложку і курткай адной накрываліся. А ногі удвух засоўвалі ў торбу ад «Еўраопту». Паводле злодзейскіх прынцыпаў, так нельга спаць — двум мужчынам на адным ложку, але мы і не ведалі, і ад холаду не важна было.

Два заняткі ангельскай у дзень, адзін — нямецкай + кнігі. СІЗА

Пасля адміністрацыйнага арышту Ігара перазатрымалі па крымінальнай справе аб грубым парушэнні парадку і перавялі ў СІЗА на Валадарскага. У СІЗА было прасцей, кажа ён: пачалі прыходзіць перадачы і лісты. Ігар ведаў, што ў той час на Валадарцы сядзела шмат ягоных знаёмых.

— Было так смешна, калі мы атрымліваем газету «Беларусы і рынак», і ведаем, што дырэктар сядзіць у камеры пад намі. А «Беларусы і рынак» усё яшчэ да нас даходзіць, і мы чытаем.

— З пункту гледжання людзей мне пашанцавала і ў калоніі, і у СІЗА: больш-менш адэкватныя ўсе былі. Мы там смяяліся. Быў там хлопец, мой сябар, дык у яго: «Усе мудакі, мала нармальных». А ў мяне наадварот: «Усе нармальныя, і толькі парачка мудакоў». А людзі то былі адны і тыя ж. Галоўнае, як ты гэтых людзей успрымаеш.

Ігар правёў у СІЗА амаль год. «Забіваць час» там дапамагала ў тым ліку чытанне. Па СІЗА «гулялі» спісы з кнігамі, якія рэкамендуюць тыя ці іншыя палітвязні. Ігар памятае, што ў яго быў спіс рэкамендацый ад палітолага і літаратуразнаўца Аляксандра Фядуты і бізнэсоўца Аляксандра Васілевіча.

— На самой справе, гэта вельмі добра працавала. Нешта болей інтэлігентнае я браў са спісу Федуты. Насамрэч найлепшыя кніжкі, якія я прачытаў у калоніі і СІЗА і якія мне вельмі дапамаглі — напрыклад, «Кніга радасці» Далай-Ламы — гэта менавіта паводле рэкамендацыі Васілевіча.

У СІЗА Ігар заўсёды выходзіў на прагулкі, нават калі было кепскае надвор’е. Двух сваіх сукамернікаў ён навучаў англійскай мове: кожны вечар са сваімі вучнямі Ігар праводзіў практычныя заняткі па падручніку. Яны вывучалі правілы, вымаўленне, новыя словы, а на наступны дзень на прагулцы правяралі пройдзенае. «Удзень на шпацыры я бегаю, а ён адказвае мне на пытанні, практыкуе вымаўленне», — тлумачыць Ігар.

Таксама ў СІЗА Ігар пачаў вывучаць нямецкую мову — дапамагаў адзін з сукамернікаў. Таму дні праляталі хутка: два разы на дзень англійская, адзін раз нямецкая і кнігі.

«Не сам ШІЗА страшны — я там быў тры разы, — а чаканне». Калонія

Ігара асудзілі на 2,5 гады калоніі і этапавалі ў магілёўскую ПК-15. Там ён атрымаў жоўтую «экстрэмісцкую» бірку. Яшчэ з каранціна супрацоўнікі калоніі пачалі праводзіць з ім гутаркі кшталту: «Ах, гэта ты збіраўся ўладу ў Беларусі змяніць?»

— Да мяне фізічнага ціску не было. Але там былі людзі, да якіх быў гвалт фізічны. Некаторым і шокерам давалі. Але гэты псіхалагічны ціск, што [трэба] пакараць, забраць нешта, у ШІЗА кінуць. І не сам ШІЗА страшны — я там быў тры разы, — а чаканне.

Ігар кажа, што кожны раз, калі камусьці дадавалі тэрмін па 411 артыкуле, пра гэта аб’яўлялі па гучнай сувязі на ранішняй праверцы. З калонак гучала: «Судом города Могилева, осужденному Иванову по статье 411 Уголовного кодекса вынесено решение…» Як толькі ўключаліся гэтыя калонкі, усе разумелі, што хтосьці з’едзе на строгі рэжым. А ўключаліся яны часта, кажа Ігар.

— Ты сябе адразу прымерваеш, што і з табой гэтаксама можа быць. Ты сустракаеш кагосьці з атраду, дзе далі 411-ы, і пытаеш: «А за што далі?» Ну і там: «Ды ён проста не хацеў нешта прыбіраць». Ну і ты: «Ага, далі за нешта, не проста так». І пачынаеш сябе супакойваць: «Ён нешта зрабіў, а ты не». Але кожны раз ты чакаеш, што некаму трэба ехаць на строгую альбо на крытую, а ехаць няма каму, а ім трэба кагосці адправіць.

У калоніі і ШІЗА Ігару дапамагалі медытацыі. Лепш за ўсё медытаваць атрымлівалася менавіта ў штрафным ізалятары. Там жа беларус практыкаваў ёгу.

Перад самым вызваленнем Ігара вывелі са строю і павялі ў бок медчасткі. Паход туды азначаў, што зняволенага адправяць альбо ў ШІЗА, альбо на строгі рэжым. Перад медчасткай начальнік калоніі спыніўся, дастаў з кішэні тэлефон і паказаў Ігару паведамленне ў адным з тэлеграм-каналаў: «Падтрымайце палітвязня Ігара лістамі і перадачамі».

— І ён мне: «Я казаў табе, каб шуму не было? Казаў? Ну вось ідзі, пасядзі». А ў мяне проста радасць, бо я ведаю хоць, за што. Зразумеў, што гэта толькі ШІЗА.

Пакуль не сеў у аўто, дзе былі блізкія, думаў, што яго вядуць на перазатрыманне. Вызваленне

Ігар не будаваў планаў на вызваленне, каб кантраляваць эмоцыі. Пражываў кожны дзень і намагаўся адганяць думкі, што хутка выйдзе на волю. Бо калі нешта пойдзе не так, расчараванне будзе нашмат большым.

— Плюс яшчэ сядзім неяк у медпункце, і тут сукамернік: «О, дык ты хутка выходзіш? А чуў, што там перазатрымліваюць? Людзі выходзяць, і іх адразу затрымліваюць». І ты: «Бля, ну…» А яшчэ нейкія чуткі хадзілі, што [журналіст Аляксандр] Івулін выйшаў, а яму далі [артыкул] за здраду дзяржаве. Не ведаю, адкуль гэты чуткі былі, але ты сядзіш і чакаеш, што і ў цябе такая гісторыя будзе.

Да машыны, на якой палітвязня сустракалі блізкія, яго праводзілі двое аператыўнікаў. Пакуль Ігар не сеў у аўто, ён думаў, што яго вядуць на перазатрыманне. Гэтае пачуццё цягнулася і далей: першыя два тыдні ён чакаў, што яго зноў затрымаюць. Пасля Ігар выехаў з краіны, але разуменне таго, што цяпер ён свабодны чалавек, не прыйшло дагэтуль.

— Таму што людзі там усё роўна сядзяць. Я мог атрымаць 10 гадоў, а атрымаў 2,5. Чалавек рабіў самвыдат і атрымаў 4 гады. Проста таму, што так пайшла яго справа. Маю актыўнасць на раёне прынялі проста як актывісцкую. А яго — як экстрэмісцкую, хоць рабілі мы адно і тое ж.

Паводле падлікаў беларуса, у ягоным атрадзе сярэдні тэрмін зняволення быў 11,5 гадоў. Гэта ён падлічыў па бірках на робах.

Ігар кажа, што дагэтуль успамінае ўсіх, хто быў з ім у калоніі. Уяўляе, чым у гэты момант займаецца той, каму далі 5 год, а чым той, каму прысудзілі 22. Ігар абзвоньвае сваякоў палітвязняў, размаўляе з імі, падтрымлівае. І дагэтуль не ведае, што рабіць з думкамі і ўспамінамі пра зняволенне і калі яны адпусцяць.

— Я не ведаю, як гэта можа адпусціць, калі там сядзіць, напрыклад, Павел, якому засталося год адседзець, а ён наогул нічога не рабіў. Бора, які выйшаў на карагод паглядзець, і яму 5 год далі. Коля, у якога толькі дзіця нарадзілася, а яму 10 гадоў прысудзілі. Часам я забываю пра гэта, радуюся, п’ю піва, а потым: «Як так? Яны сядзяць, а ты нічога не робіш». І гэта складаней, чым сядзець. Пакуль ты там сядзіш — ты герой. Ты робіш важную справу, бо камусьці трэба сядзець. А калі выходзіш… Што ты можаш зрабіць? Падтрымліваць блізкіх, нейкія грашовыя пераводы, і ўсё.