Імёны герояў змененыя.

«Абяцаю, што мы яшчэ адзначым на волі». Вяселле за кратамі

Халодная восеньская раніца, жаніх і нявеста чакаюць роспісу ў папраўчай калоніі. Асуджаны за ўдзел у пратэстах Максім забываецца пра спробы кінуць паліць, цыгарэты канчаюцца адна за адной — вельмі нервова, страшна, што ўсё сарвецца. Побач стаяць канваіры.

Дзіяну доўга не пускаюць у будынак для спатканняў, супрацоўнікі калоніі старанна правяраюць яе рэчы і вялікую перадачу — разразаюць прадукты і глядзяць, каб не было нічога забароненага. Напрыканцы нявесту просяць распрануцца, правяраюць нават станік і майткі.

Праз некалькі гадзін абодва заходзяць у будынак. Ужывую хлопец і дзяўчына бачацца ўпершыню. У чарзе на роспіс яшчэ некалькі параў, Максім і Дзіяна ідуць апошнімі. Паўгадзіны чакання яны праводзяць разам без лішніх вачэй — хлопец «разглядае і вывучае» дзяўчыну, распытвае, як у яе справы і якія навіны на волі. Потым іх клічуць жаніцца.

— У пакоі была супрацоўніца ЗАГСа, супрацоўніца калоніі і двое канваіраў. Адзін абзац класічнага тэксту з ЗАГСу зачытваюць, пасля пытаюць: «Вы згодны? А вы згодная?» Усё, пацалуйцеся, распішыцеся і можаце ісці. Сведкі — гэта канваіры, я так разумею, — успамінае Дзіяна.

Маладыя плануюць адсвяткаваць вяселле яшчэ раз — калі Максім выйдзе. «Ён у лісце з прапановай пісаў: "Ведаю, што ты не так хацела гэты дзень адзначыць, але абяцаю, што мы яшчэ адзначым на волі"».

Спачатку было дзіўна, а потым адказала ўзаемнасцю. Стасункі па перапісцы

Дзіяна пазнаёмілася з Максімам два гады таму, калі ён ужо быў у калоніі. Пра палітвязня ёй распавяла мама яго сукамерніка, таксама асуджанага за палітыку.

— Максіму ніхто не дапамагае. Рос ён з бабуляй, а яна памерла, калі Максім быў у СІЗА. Калі яго ўзялі, яго дзяўчына перастала выходзіць на сувязь, кінула ў такіх цяжкіх абставінах. Ён быў настолькі ў роспачы, што цяжка было глядзець. З іншага боку ў ім нейкі стрыжань ёсць — прага да жыцця, прага выйсці.

Дзіяна вырашыла падтрымаць Максіма і напісала яму ліст, паступова завязалася сталая перапіска. Палітзняволены даверыўся дзяўчыне і прывязаўся да яе, з часам ягоныя лісты станавіліся ўсё больш рамантычнымі. Спачатку гэта здавалася Дзіяне дзіўным, але потым яна адказала ўзаемнасцю.

— Я баялася пакрыўдзіць, напісаць штосьці такое, ад чаго яму будзе балюча. Але ўсё-ткі я старалася пісаць тое, што адчуваю, не выдумляць таго, чаго няма.

Максім павіншаваў Дзіяну з Днём усіх закаханых — дзяўчына кажа, што з гэтага ліста і пачаліся іх стасункі. Хлопец зычыў ёй шчасця і дадаў, што хацеў бы мець такую жонку. «Тады я вырашыла: чаму не? Можна гэта зрабіць, і тут плюсаў шмат. Я нарэшце змагу дапамагчы справай камусьці, а не проста словамі. І яму добра, і мне нядрэнна — я не супраць», — гаворыць дзяўчына.

З выбухам вайны ва Украіне пачаліся праблемы з перапіскай — з трох лістоў даходзіў толькі адзін. Аднойчы Дзіяне прыйшоў вялікі ліст, у якім Максім прасіў яе рукі.

— Ліст быў вельмі кранальны. Ён, напэўна, доўга думаў, і быў перапоўнены пачуццямі, калі яго пісаў. Ён тады яшчэ руку сваю абвёў, каб я магла дакрануцца. Я яго паўгода прасіла, а ён усё не абводзіў.

Дзяўчына пагадзілася. «Мяне падтрымала маці, бабулі мы вырашылі не казаць. Маці паплакала, але я ёй як дарослы чалавек кажу, што гэта мая справа, я так хачу, і ўсё тут. Яна прыняла маю пазіцыю», — кажа Дзіяна.

Яна спадзявалася на званок ад Максіма — ведала, што гэта могуць дазволіць перад шлюбам. Дзіяна не ведала, калі чакаць званка, таму увесь час была на сувязі. Аднойчы яна на пару хвілін выключыла мабільны інтэрнэт і адчула моцную трывогу.

— Толькі я ўключыла інтэрнэт зноў, як паступіў званок на вайбер. Падымаю трубку. Гэта быў відэазванок, але я там штосьці не чула ці не бачыла, таму прыклала да вуха. Чую: «Гэта я». Я разумею, што гэта ён, але пытаю: «Хто — я?» І ён кажа: «Максім!»

Настроіла камеру, потым мы ўжо па відэа размаўлялі. Бачыла да гэтага Максіма толькі на здымках. У прынцыпе, падобны да сябе. Але на здымку міміку не перадасі, таму было цікава, прыемна яе пабачыць.

Максім пытаў, чым займаюся, як справы, як здароўе. Распавёў, што ён напісаў заяву на роспіс. Патлумачыў, што мне трэба сабраць, што нам дадуць спатканне. Сказаў, каб узяла рушнік і тапачкі.

Наступны раз яны паразмаўлялі ўжо падчас роспісу.

— Так доўга цягнуўся гэты працэс, бо яму перашкаджалі. То гублялі яго заяву, то казалі: «Ты не так напісаў, перапішы нанава». Максім нерваваўся, думаў, што нічога не атрымаецца. Я таксама хвалявалася, думала, што не паспелі.

Перад роспісам Дзіяна разам з мамай нагатавала ежы на тыдзень, купіла будучаму мужу адзенне, абутак і патрэбныя сродкі гігіены. Да гэтага хлопец жыў у калоніі зусім без перадач.

«Як спаць, калі час ідзе?». «Мядовае» спатканне

Адразу пасля роспісу маладым далі спатканне на двое сутак. Дзяўчына лічыла кожную хвіліну, праведзеную з каханым. Падчас сустрэчы Дзіяна зразумела, што ёй добра побач з Максімам і што ён сапраўды такі, як ёй здавалася ў лістах. «Канечне, фізічны кантакт цікавейшы, і ён лепей дае зразумець, які чалавек. Шмат станоўчых эмоцый. Максім любіць жартаваць, любіць смяшыць іншых людзей».

— Думала, увогуле спаць не будзем — як спаць, калі час ідзе? Па выніку, можа, гадзіны чатыры паспалі, а пятай раніцы ўсталі, пачалі адразу падаграваць есці, гарбату рабіць. Сядзелі размаўлялі. На вуліцу хадзілі — можна выходзіць у дворык, які зверху і з бакоў перацягнуты кратамі.

Дзяўчына згадвае, як разам з Максімам шпацыравала па коле ў невялікім дворыку і распавядала яму пра сучасных беларускіх пісьменнікаў. Увесь час Дзіяна адчувала сябе нязвычна ў маленькай, быццам скамячанай прасторы.

— Раптам я разумею, што для Максіма гэта звычна. Ён у СІЗА быў, колькі там той прасторы? Яму яшчэ на гэтай тэрыторыі больш-менш, а мне ўжо ўсё.

Размаўлялі маладыя «вуха ў вуха, каб праслушка не пачула». Дзяўчына пераказвала Максіму беларускія навіны.

Яшчэ Дзіяне запомнілася, як прагна хлопец еў — адвык ад смачнай дамашняй ежы. «Я яму казала: "Можа перапынак зрабі ці вазьмі якую таблетку, каб лепш прайшло". Ён казаў: "Не, не трэба, я таблеткі ніколі не п’ю". Але, канечне ж, страўнік у яго стаў», — распавядае яна.

Пара рыхтавалася да наступнага доўгатэрміновага спаткання — Максім нават склаў план таго, што хоча абмеркаваць і чым заняцца. Але не выйшла — незадоўга да сустрэчы палітвязня пазбавілі спаткання за «парушэнне».

— З наступным спатканнем было прыкладна тое ж самае. Больш ён ужо не марыў. Я яму сказала: «І не думай. І так пратрымаемся».

Иллюстрация: Леон Анин / Медиазона

10 хвілін штотыдзень. Як трымаць сувязь

Цяпер Максім і Дзіяна трымаюць сувязь з дапамогай ліставання і відэазванкоў — іх дазваляюць на 10 хвілін штотыдзень. Размаўляюць на бытавыя тэмы, бо, як кажа дзяўчына, «скажы слова ўлева — і чалавек паедзе ў ШІЗА».

— Хочаш нешта распавесці такое, за што могуць пакараць — не распавядаеш да канца, даходзіш да нейкага моманта і далей кажаш «ну, ты зразумеў». Пра Украіну навіны нельга зусім.

Рамантычныя размовы падчас званкоў бываюць рэдка — агульная атмасфера не спрыяе. У пакоі шмат людзей, некаторыя з іх размаўляюць вельмі гучна, перабіваюць суседзяў.

— Максім тады злуецца. Плюс побач могуць стаяць наглядчыкі, таму рэдка мы адно аднаму штосьці такое скажам. Звычайна напрыканцы званка гаворым, што сумуем, кахаем адно аднаго, чакаем сустрэчы.

У лістах муж і жонка адчуваюць сябе свабаднейшымі, але Дзіяна кажа, што Максім усё ж абмяжоўвае сябе ў перапісцы. «Пачынае штосьці пісаць, а пасля: "Ай, цэнзар прачытае, непрыемна". А ў мяне ўжо няма такога абмежавання — у цэнзара праца такая, калі яму падабаецца, хай чытае».

Час ад часу лісты блакуюць — апошні раз такое здаралася летам.

— І ён перастаў пісаць, кажа: «Ай, не буду. Я на гэта час трачу, распавядаю табе. Мала таго, што не даходзяць, так мяне яшчэ могуць "на дыван" выклікаць з-за таго, што я пішу». Магчыма, ён штосьці занадта падрабязна апісаў з жыцця калоніі, і яго за гэта вадзілі.

Перапіска аднавілася. І хаця верагоднасць блакады лістоў падчас святаў большая, віншаванні дайшлі. «На дзень народзінаў я за месяц пачынаю адпраўляць віншаванні — і ад сябе, і ад іншых людзей, раздрукоўкі, паштовачкі — у пяці асобных канвертах. З іх даходзіць адзін».

Дзіяна стараецца зрабіць так, каб Максім адчуваў яе клопат і праз перадачы. Шторазу яна выпякае печыва — мужу яно смакуе.

— Кажа: «Ты б бачыла, як я яго еў! Я яго лыжкай еў! З’еў у той жа дзень, калі атрымаў перадачу». Ён ведае, што я пякла сваімі рукамі.

«Магчыма, гэта сэнс майго жыцця зараз». Як перажыць цяжкасці

Складаней за ўсё пары прыйшлося пасля першай блакады лістоў з пачатку вайны, стасавацца было цяжка. Максім трапляў з ШІЗА і выпадаў з жыцця, не атрымліваў лістоў і патэлефанаваць Дзіяне, вядома, не мог.

— Я маральна была гатовая змяніць сваё жыццё настолькі кардынальна, каб парваць з паловай сваёй сям’і і выйсці замуж за палітвязня. І тут мы не маглі з ім стасавацца, каб усё вырашыць.

Трымацца самой і падтрымліваць мужа Дзіяне дапамагае разуменне таго, што яна робіць важную справу. Яе галоўная мэта — дапамагчы Максіму перажыць зняволенне настолькі камфортна, наколькі магчыма, і ўладкаваць жыццё пасля вызвалення.

— Магчыма, гэтая справа — сэнс майго жыцця зараз. <…> Пасля 2020 года я адчувала сябе дрэнна, таму што не магла дапамагчы людзям. Мне падавалася заўсёды, што я мала раблю. Калі з’явіўся Максім, сілы, якія ў мяне былі на дапамогу, накіраваліся па адным шляху. Псіхалагічны камфорт для сябе я атрымала з гэтага.

— Ці не было вам страшна выходзіць замуж за чалавека, якога вы ўпершыню ўбачылі на роспісе?

— У мяне быў досвед доўгіх адносінаў. Мы разышліся з хлопцам, з якім былі разам некалькі гадоў. У нас было шмат падобных цікаўнасцяў, мы былі падобныя нават фізічна. Усе казалі, што мы супер пара, што мы будзем мужам і жонкай. Адна з прычын, чаму мы разышліся, быў 2020 год.

Ён мне сказаў: «Альбо ты прыпыняеш сувязь з усімі палітвязнямі, і мы з табой жэнімся, альбо мы разыходзімся». Ён даў мне падумаць — час ішоў, я разумела, што не магу. З некаторымі людзьмі я пасябравала. Можа быць, ім не столькі патрэбная мая падтрымка, наколькі мне трэба ведаць, што з імі. Я эмпат, жыццё без людзей для мяне складанае. Мы разышліся, таму што я не пагадзілася па ягоным сцэнары ісці.

Самае галоўнае, што я зразумела — важна, як мы будзем прымаць рашэнні, ужывацца адзін з адным. Тое, наколькі мы падобныя, не так важна.

Дзіяна з Максімам адразу дамовіліся, што калі яны не сыдуцца на волі, то без праблем змогуць развесціся.

— Усё жыццё я хацела адзін раз выйсці замуж, і ўсё. Максім пра гэта ведае. Спадзяюся, што ўсё будзе добра. Жыццё можа па-рознаму скласціся, але Максім сказаў мне: «Нават калі ў нас нічога не атрымаецца, ты заўсёды можаш звярнуцца да мяне — ноччу, на іншым канцы свету — і я табе дапамагу».