Актывісты Руху «За Свабоду» правялі апытанне жыхароў Гродзеншчыны на тэму працоўнай міграцыі. Апытана 628 чалавек розных узроставых групаў (больш за 60% апытаных маюць узрост ад 25 да 50 гадоў і сталае месца працы).

На пытанне, ці даводзілася іхнім сямейнікам, сваякам альбо сябрам выязджаць за мяжу на заробкі, станоўча адказалі больш за 70% апытаных.

Сярод прычынаў працоўнай эміграцыі з Беларусі называліся нізкія заробкі (69%), праблемы з працаўладкаваннем (13%), пошук больш лёгкага заробку (10%) і немагчымасць самарэалізавацца (6%).

Сярод негатыўных выпадкаў, звязаных з міграцыяй, людзі ўзгадвалі выпадкі падману беларускіх працаўнікоў у Расіі (30%), а таксама іх гібелі там (24%). Пра падобныя здарэнні ў краінах Аб’яднанай Еўропы казалі ў чатыры разы меней рэспандэнтаў. Сярод негатыўных з’яваў, якія суправаджаюць працоўную міграцыю, кожны дзясяты называў пагаршэнне стасункаў ва ўласных сем’ях.

Як уплывае працоўная міграцыя на эканоміку Беларусі? Па гэтым пытанні выказваліся меркаванні супрацьлеглыя і па-свойму слушныя. 45% апытаных кажуць пра негатыўны ўплыў, бо з краіны вымываюцца перш за ўсё якасныя працоўныя рэсурсы (29%), беларусы працуюць на дабрабыт чужой дзяржавы (26%). Некаторыя кажуць пра тое, што міграцыя змяншае беспрацоўе (16%), а беларусы, што працуюць за мяжой, зарабляюць валюту для нацыянальнай эканомікі (21%).

Што можна зрабіць, каб палепшыць сітуацыю з працоўнай міграцыяй, каб беларусы не адрываліся ад сем’яў, а выкарыстоўвалі свой талент і здольнасці на будаўніцтва ўласнай заможнай краіны?

Значная частка апытаных (67%) кажа, што працадаўца мусіць плаціць прыстойны заробак. Пры гэтым людзі зважаюць на неабходнасць правядзення эканамічных рэформаў (23%), у прыватнасці спрашчэння ўмоваў вядзення бізнэсу (17%) і прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў (5%). Людзі таксама выступаюць за ўзмацненне кантролю за працадаўцам (15%), а гэта добрая глеба для стварэння незалежных прафсаюзаў.

pyx.by