Гіпэртанічны крыз здарыўся сёньня раніцай на працы. Мікалая Аўтуховіча забрала хуткая дапамога.

Паводле Аўтуховіча, ён вельмі моцна ўчора расхваляваўся, калі гарадзенская калегія судзьдзяў адмяніла рашэньне Ваўкавыскага раённага суду ад 17 ліпеня, паводле якога органам міліцыі адмаўлялася ў падаўжэньні прэвэнтыўнага нагляду за ім.

— У мяне вельмі высока скочыў ціск. Яшчэ ўчора перахваляваўся з гэтымі судзьдзямі, бо ніяк нельга было выносіць такое беспадстаўнае рашэньне. А яшчэ ўчора ў 22.20 прынесьлі мне позву ў суд. А сёньня прыйшоў на працу, і мне стала дрэнна, пачало ванітаваць, балела галава, і дырэктарка выклікала хуткую. Цяпер ляжу ў шпіталі, а мой адвакат пайшоў у суд, і я пакуль нічога ня ведаю, што там будзе далей. Хоць думаю, што могуць справу разгледзець і безь мяне, у нашай краіне магчымы і такі варыянт.

Сёньня, шостага жніўня, у Ваўкавыскім раённым судзе ў 11.30 павінен быў адбыцца паўторны суд, каб працягнуць прэвэнтыўны нагляд над Аўтуховічам. Гэта стала магчымым пасьля ўчарашняга рашэньня Гарадзенскай абласной калегіі. Сёньня ж — дзень, калі тэрмін прэвэнтыўнага нагляду над Міколам Аўтуховічам сканчаецца. І таму, паводле яго, улады любым чынам імкнуцца правесьці гэты суд, каб падоўжыць тэрмін прэвэнтыўнага нагляду за ім.

Радыё Свабода