Ёсць вялікі горад Ліда, дзе ўжо шмат год плённа выводзіць дзяцей на рэспубліканскі і міжнародны ўзровень Сяргей Вераціла (нават будучага пасла ў Японіі ўзгадаваў). І штогод там праводзяцца інтэлектуальныя турніры і сярод дарослых (Стальная лыжка), і сярод школьнікаў. І так выйшла, што зусім паддаліся большыя нашыя знатакі ляноце (мала ўжо куды могуць сабрацца, і тое са скрыпам), а з малых на Ліду паехала толькі тры каманды  (раней знаходзіўся транспарт каб ўзяць і дзяцей з Росі і Краснасельскага). Аднак, адбылося нечаканае – Мікіта Валько, які яшчэ некалькі месяцаў не ведаў нічога пра існаванне інтэлектуальнага руху ў нашым раёне, вырваў на кнопцы другое месца ў супер-эрудытаў, капітанаў лепшых каманд Ліды і Гародні. А яго  каманда “Элементарна Ватсан” ўтрымала чацьвертую пазіцыю ў “Што? Дзе? Калі?”, не саступіўшы нават гасцям з Копыля. І ў выніку ТРЭЦЯЕ МЕСЦА з МЕДАЛЯМІ. Кажуць, першая ў гісторыі камандная перамога ваўкавычан ў горадзе на рацэ Лідзейка. Ведаеце, 25 студзеня нашы каманды чакае адбор на рэспубліку і стаць на ўзроўні лепшых будзе вельмі цяжка. Яшчэ больш цяжка, што ніхто не звяртае ўвагі на поспехі нашых дзяцей. Наогул невыносна, калі замест  віншаванняў пачынаюцца разборкі, хто каго ў каманду ўзяў і што яму за гэта будзе.

Але мы працуем, а нашы дзеці гуляюць не дзеля славы. Сёння ў Ваўкавыскім раёне ёсць некалькі камандаў, якія могуць парваць любога, і не толькі на вобласці. І кожны турнір – новая цікавая гісторыя, якая невядома чым скончыцца. У цікавы час працуем, гаспадары. І супер-класна, што ў адрозненне ад дарослых, якія з-за сваіх амбіцый падзяляюць дзяцей на сваіх і чужых, апошнія сябруюць, падтрымліваюць адзін адного. А галоўнае, набываюць вопыт, стрэсаўстойлівасць, здольнасць да мабілізацыі ўласных рэсурсаў і дасягнення перамогі. Гульня – толькі сродак, які дазволіць сённяшнім вучням упэўнена зрабіць крок у паспяховае заўтра. Мне без розніцы, чым скончыцца чарговы турнір  (я буду кахаць сваю каманду і без вялікіх перамог толькі за вялікае жаданне, любоў і павагу да гульні і ўласна да мяне). Галоўнае, мне ёсць каго на яго везці, а там ёсць з кім паспаборнічаць і нечаму навучыцца. Тут быў цікавы хлопчык, а перад ім дзяўчынка, якіх і я, і дзеці заклікалі да сябе на гурткі, абяцалі, што зробім іх мацней. Дзяўчынка раней, а хлопчык на днях правалілі алімпіяду і, на жаль, іх мары ўжо не споўняцца. Ні хто не верыў, што каманда Бабіч Марыны прывязе медалі з Ліды. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, я веру, а, дакладней, ведаю, што ўсе дзеці, якія прайшлі праз гарніла нашых трэніровак і бітваў не здрадзяць сваёй мары. І дасягнуць яе. За дасягненне мараў, шаноўныя чытачы, дзякуй за ўвагу.

Мікіта Валько выцягвае сябе і каманду ў прызы

Мэтр і бацька інтэлектуальнага руху Ліды Сяргей Вераціла разам з дачкой і лепшай камандай

Не ўсе дараслі да культуры і вароцяць твар ад фатаапарата