Хвілінная стрэлка нарэшце падзяліла круг цыферблата, а кароткая гадзінная спынілася на пяці. Пара. І вечар, які павіс за акном, стаў святлейшым у святле ліхтароў.

Што ж дзіўнага ў вячэрнім асвятленні? У той ці іншай меры яно ёсць у кожным беларускім горадзе. Але ў тым і справа, што гаворка ідзе пра сяло, дзе, як правіла, увечары хоць вока выкалі. А вось у аграгарадку Вярэйкі, што на Гродзеншчыне, такой праблемы няма. Яго жыхары ходзяць па прыгожых і добра асветленых вуліцах. Дарэчы, як расказаў старшыня Вярэйкаўскага сельсавета Анатоль Стасюкевіч, уключэнне асвятлення рэгулюецца ў залежнасці ад працягласці светлавога дня. Узімку, напрыклад, час Ч надыходзіць у 17.30.

Наогул, пройдзеш па вуліцах Вярэек і тым, хто тут жыве, па-добраму пазайздросціш. Бо ўмовы аграгарадка не горшыя, а часам і лепшыя, чым у найбліжэйшым Ваўкавыску. Ды і адносіны, улічваючы, што фактычна ўсе ведаюць адзін аднаго ў твар, больш цёплыя і ветлівыя. Вядома, за восем гадоў у статусе аграгарадка аблічча населенага пункта моцна змянілася. Па-спрыяла гэтаму і раённае свята «Дажынкі», калі Вярэйкі атрымалі на добраўпарадкаванне з раённага бюджэту каля 13 мільярдаў рублёў.

Але ўкладваць можна бяздумна, а можна і па-гаспадарску. І ў Вярэйках па максімуме захоўваецца тое, што маецца, да таго ж з любоўю ствараецца ўсё новае. Анатоль Стасюкевіч не без гонару водзіць па абноўленых аб’ектах. А іх нямала. «За апошні год шмат што змянілася, — кажа ён. — Аптэка была ў не вельмі прыглядным стане, у старым будынку, камбінат бытавога абслугоўвання туліўся таксама не ў лепшым. Зараз мы ўсё аб’ядналі пад адным дахам. Тут жа магазін, банк. Змяніліся фасады пабудоў, тэрыторыя. Мы добраўпарадкавалі сквер памяці загінуўшых франта-вікоў. Практычна цалкам памянялася аблічча Дома культуры. Будынак 60-х гадоў меў нямала праблем, у тым ліку і з перакрыццем. Адрамантавалі, замянілі дах». Зрэшты, можна сказаць, што мясцовы Дом культуры — гэта нешта асаблівае. Вядома ж, бо тут размясціўся новенькі прыгожа аформлены загс, які, кажуць відавочцы, не ідзе ні ў якое параўнанне нават з ваўкавыскім — толькі жаніся!

Але здзіўленне не праходзіць. Калі хтосьці рады і адной навіне, то гэта не пра Вярэйкі — тут думаюць сучасна і з размахам. Заходзім у мясцовы магазін «Родны кут»: самаабслугоўванне, новыя стэлажы і маразільнікі, сучасная каса і асартымент не горшы, чым у горадзе. Аказваецца, неўзабаве з’явіцца яшчэ адна гандлёвая кропка, якая зараз рамантуецца. Там, дарэчы, прадугледжаны і бар, якога да гэтага часу ў населеным пункце не было.

Але калі крама — навінка верасня, то ў лістападзе вяскоўцаў чакала яшчэ адна, якой можа пахваліцца не кожны горад. Тут адкрыў свае дзверы самы сапраўдны 3D-кінатэатр. Хтосьці скажа, маўляў, лішняя трата грошай. А вось Анатоль Стасюкевіч перакананы, што ў вёсцы трэба ствараць усе ўмовы, набліжаныя да гарадскіх, каб вяскоўцы не адчувалі сябе ўшчэмленымі: «Калі будаўніцтва кінатэатра памяняла намер хоць аднаго чалавека пакінуць сяло і пераехаць у горад, мы адкрылі яго недарэмна».

Не існуе тут амаль і праблемы з жыллём. Па праграме развіцця вёскі ў Вярэйках было пабудавана шмат жылля, якое нічым не ўступае па якасці і камфорце гарадскому. Тым больш, кажа суразмоўца, дом куды лепш, чым кватэра, асабліва для чалавека вясковага. І ўсё ж, на жаль, адно жыллёвае пытанне, у прыватнасці, якое датычыцца шматдзетных сем’яў, тут маецца. «У той час як мы змагаемся за кожнага вяскоўца, нашым шматдзетным сем’ям сацыяльнае жыллё даюць не тут, у вёсцы, а ў горадзе, — наракае суразмоўца. — У выніку гэтыя людзі, якія маглі б жыць і працаваць на вярэйкаўскай зямлі, з’язджаюць».

Тут ёсць усё, у тым ліку для дзяцей. І школа, у прыватнасці, спартыўнай базе якой магла б пазайздросціць нават мінская спартзала, і моцная медыцынская служба. Сапраўды, гэта не звыклы для вёскі фельчарскі пункт, а ўчастковая бальніца на 25 ложкаў і амбулаторыя, дзе прыём вядуць вузкiя спецыялісты, працуе зубны ўрач. Абсталяванне самае сучаснае, адно-сіны добрыя.

Гэта тое сяло, у якім хацелася б жыць. Вярэйкі ў нейкім сэнсе твар Ваўкавыскага раёна, так бы мовіць, яго заходнія вароты. Знаходзяцца на трасе рэспубліканскага значэння. «Перад намі першапачаткова ставілася задача годна сустракаць гасцей раёна, — усміхаецца Анатоль Стасюкевіч. — Бо, як кажа прымаўка, сустракаюць па адзенні».

Апошнія «Дажынкі» шмат у чым памянялі не толькі знешняе аблічча населенага пункта, але і вобраз мыслення вяскоўцаў. Пасля масавага Фестывалю феерверкаў, калі Вярэйкі прынялі тысячы гасцей, тут задумаліся аб сваім уласным пастаянным масавым свяце. «Жыхары Вярэек тады, асабліва старыя, жартавалі, — успамінае кіраўнік, — што апошні раз такое свята тут было, калі фашыстаў прагналі. Жарты жартамі, але прыйшло разуменне, што нам масавыя мера-прыемствы неабходны. Так нара-дзілася наступная ідэя. Паколькі аграгарадок размясціўся на базе РСКУП «Ваўкавыскае», добра будзе праводзіць сельскагаспадарчы кірмаш».

Наогул, задумак на будучыню, кажа Анатоль Стасюкевіч, шмат. Напрыклад, пунктам нумар адзін значыцца прывесці ў парадак вадаёмы. Гэтым зоймецца ўчастак ЖКГ. Акрамя таго, у бліжэйшы час тут павінны з’явіцца дзве кацельні на мясцовых відах паліва, паколькі працягласць цеплатрасы вялікая, а значыць, патрабуе затрат. А да грошай тут ставяцца па-гаспадарску.

Вера Артэага, газэта Рэспубліка