25 лютага, у адзіны дзень галасаваньня, на выбарчым участку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што будзе балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году. Прынамсі, усе — і ў Беларусі, і за яе межамі — успрынялі яго словы менавіта так, пiша палітычны аналітык Юры Дракахруст.

Але 5 сакавіка на сустрэчы з актывам Беларускага саюзу жанчын ён заявіў, што ягоныя словы пра ўдзел у выбарах 2025 году нібыта няправільна зразумелі.

«Нехта там задаваў пытаньне: „Ці пойдзеце вы на выбары?“ Я там не даслухаў і [адказаў]: „Пайду-пайду“. Гэта ня значыць, што я ўжо вырашыў і прыняў рашэньне, — заявіў Лукашэнка.— Усё будзе залежаць ад таго, як мы падыдзем да гэтых выбараў. А раптам аб’явіцца чалавек, якому мы можам даверыць... Усякае можа быць, таму мы стварылі Ўсебеларускі народны сход. Не для Лукашэнкі».

Можна, зразумела, патлумачыць гэта непасьлядоўнасьцю і супярэчлівасьцю думак Лукашэнкі, ён часам у адной прамове і нават у адной фразе выказвае супрацьлеглыя тэзы.

Можна пасьмяяцца зь недарэчнай какетлівасьці: «Я пайду, а можа і не пайду, а можа ўсё ж пайду».

Такія рэакцыі маюць права на існаваньне. Але размова ідзе пра палітыка, які фактычна аднаасобна кіруе краінай амаль 30 гадоў. І пра яго выказваньні наконт таго, што для яго вельмі важнае ці нават самае важнае ў жыцьці — пра ягоную ўладу.

І таму цалкам абгрунтаванае прынамсі дапушчэньне, што абедзьве супрацьлеглыя заявы былі зробленыя з палітычным разьлікам. Кожная — са сваім.

Асноўны матыў першай заявы — пра ўдзел у выбарах — даволі ясны і празрысты. Зразумелы яго галоўны адрасат — дзяржаўны апарат, «государевы люди». Няпэўнасьць адносна пэрспэктываў дэзарыентуе чынавенства, спараджае небясьпечнае «варушэньне» ў ягоных шэрагах. Калі невядома, якой будзе канструкцыя ўлады, хто будзе стаяць на яе чале, то чыноўнікі пачынаюць наладжваць асаблівыя адносіны з рознымі фігурамі, патэнцыйнымі «першымі». А можа гэта будзе Качанава, а можа Галоўчанка, а можа нават Тэртэль? Дык трэба ўжо зараз неяк наладжваць камунікацыю з усімі патэнцыйнымі пераемнікамі. А Лукашэнка пры гэтым робіцца як бы «кульгавай качкай».

Хоць, можа, і не зусім «кульгавай». Ён, хутчэй за ўсё, узначаліць Усебеларускі народны сход. Але калі ён ня пойдзе на прэзыдэнцкія выбары, то ўзьнікне прынамсі яшчэ адзін цэнтар улады. Пра досьвед казахстанскага транзыту і падзеньне «елбасы» Назарбаева беларускія чыноўнікі ў курсе. І робяць з гэтага адпаведныя высновы.

Дык вось, каб гэтага «варушняку», «хістаньня» ў апараце не было, і прагучала 25 лютага заява, што цэнтар улады і пасьля 2025 году будзе той самы, што і цяпер. Па-свойму лягічна і рацыянальна.

А тады чаму ж 5 сакавіка спатрэбілася напускаць туману, какетнічаць? Калі дапусьціць, што гэта ня проста «ляпнуў», а зрабіў з разьлікам. Зь якім, на што? Паміж дзьвюма заявамі прайшло 9 дзён. Ня выключана, што за гэты час адбылася нейкая рэакцыя на першую заяву пра ўдзел у выбарах.

Чыя? Першы адказ — Расеі. У 2020-—2021 гадах прадстаўнікі расейскай улады даволі недвухсэнсоўна заяўлялі пра пажаданасьць і нават неабходнасьць транзыту ўлады ў Беларусі. Даўно было, з таго часу Лукашэнка кансалідаваў сваю ўладу, пачалася поўнамаштабная вайна, якая, здавалася б, зрабіла неактуальнымі ўсе крамлёўскія разьлікі на беларускі транзыт.

У 2022-—2023 гадах — так, неактуальнымі. А цяпер? А хто ведае. Вайна перайшла ў пазыцыйную стадыю. Цяпер нейкія кардынальныя зьмены на полі бою ўяўляюцца малаімавернымі. Дык можна заняцца і палітычнымі справамі ў саюзьніка-сатэліта.

І настроі 2020–2021 гадоў у Крамлі наконт транзыту ўлады ў Беларусі маглі і адрадзіцца, але ўжо ў новым вайскова-палітычным кантэксьце.

Ня тое каб узялі за горла і запатрабавалі, каб Лукашэнка зараз абверг свае словы і абвясьціў, што насамрэч на выбары 2025 году ня пойдзе. Не, але далі зразумець, што заява 25 лютага была нясвоечасовай, што гэтае пытаньне варта яшчэ абмеркаваць, што Масква хацела б прынамсі патаргавацца і за згоду на ўдзел Лукашэнкі ў выбарах яшчэ нешта ад яго атрымаць.

Гэта даволі гіпатэтычна, але прынамсі праўдападобна.

І заява 5 сакавіка робіцца лягічным адказам на гэтыя крамлёўскія пажаданьні: ну добра, калі вы просіце, скажу, што мяне няправільна зразумелі, што ня вырашыў яшчэ насамрэч. Цяжка хіба сказаць?

Яшчэ адно магчымае тлумачэньне — рэакцыя Захаду. Дакладней, не рэальная рэакцыя Захаду, а тая яе інтэрпрэтацыя, якая складаецца ў галаве Лукашэнкі, зыходзячы зь ягонай карціны сьвету і данясеньняў ягоных спэцслужбаў.

Усе памятаюць, як напярэдадні галасаваньня 25 лютага прапаганда і сам Лукашэнка напампоўвалі страшылкі — на выбарах 2024 году апазыцыя паспрабуе зладзіць нешта маштабнае і жахлівае. Наўрад ці гэта быў толькі паліттэхналягічны ход. І сьпісы чальцоў камісіяў хавалі, і лятучыя атрады сілавікоў стваралі, каб прадухіліць беспарадкі на выбарчых участках і на вуліцах.

Відаць, усё ж перасьцерагаліся. Прычым у карціне сьвету, якая была і ёсьць у галовах людзей улады, справа нават ня ў злой волі апазыцыі, а ў плянах яе заходніх «лялькаводаў». А ў тых «лялькаводаў» запаветная мара — скінуць Лукашэнку. А выбары — самы зручны час для гэтага.

Пытаньне, наколькі такое бачаньне адэкватнае рэальнасьці, пакінем за дужкамі. Але калі людзі бачаць сьвет пэўным чынам, то для іх ён такі і ёсьць.

І ў межах гэтага бачаньня заява Лукашэнкі, што ён пойдзе на выбары 2025 году, — гэта ж сыгнал і заходнім «рыцарам плашча і кінжала», «майстрам тэрору і дывэрсіяў», што ўжо зараз можна складаць пралічаныя злавесныя пляны на «гадзіну Ч» — на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў наступным годзе. Ня выключана, што старшыня КДБ Іван Тэртэль за гэтыя 9 дзён ужо і паклаў на стол босу інфармацыю, што ягоныя заходнія калегі-праціўнікі менавіта так і ўспрынялі заяву Лукашэнкі пра тое, што пойдзе на выбары.

А тут ворагам сюрпрыз — а можа і не пайду, а яшчэ падумаю, а можа некага іншага пашлю на выбары, пастаўлю прэзыдэнтам. Тады ж працэс плянаваньня ў заходніх штабах прынамсі ўскладняецца, трэба тады разьлічваць ужо не адзін, а як мінімум два пляны. І што плянаваць заходнім выведкам на выпадак, калі Лукашэнка на выбары ня пойдзе, а цэнтрам рэальнай улады стане пасада старшыні УНС? Ладзіць паўстаньне беларусаў з нагоды абраньня на ўжо малазначную пасаду прэзыдэнта нейкага чыноўнага ноўнэйма? І ў выніку Лукашэнка насамрэч сваім какецтвам зблытвае ўсе пляны ворагаў.

Калі Захад сапраўды сьпіць і бачыць, як зрынуць Лукашэнку, і лічыць самым прыдатным момантам для гэтага выбары, то пэўная лёгіка ў напусканьні туману наконт выбараў 2025 году зьяўляецца.

Зразумела, прыведзены аналіз — ня доказ таго, што матывы гэтых супярэчлівых заяваў былі менавіта такія. Але гэты аналіз грунтуецца не адно на дапушчэньнях, але і на фактах, на досьведзе паводзінаў — як Лукашэнкі, гэтак і замежных гульцоў.

"Cвабода"