Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка надзвычай часта стаў гаварыць пра зьмену кадраў як умову захаваньня і ўмацаваньня створанай ім сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сыстэмы. Бачна, што гэтая тэма яго моцна хвалюе, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.

Наконт неабходнасьці замены кадраў Лукашэнка на працягу апошніх месяцаў выказваўся неаднаразова. Апошні раз — 7 сакавіка падчас прызначэньня Аляксандра Ягорава намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі:

«Пакаленьні мяняюцца, прыходзяць новыя людзі. Так павінна быць. Застылага нічога не павінна быць... Адміністрацыя прэзыдэнта ў гэтым пляне будзе таксама мадэрнізаваная... Тое ж самае ў кадрах, ідэалягічнай працы і гэтак далей. Гэта мае пытаньні, вядома. І тут сур’ёзна будзе ўсё мадэрнізавана».

25 студзеня падчас прызначэньня новага міністра аховы здароўя Лукашэнка анансаваў сурʼёзныя зьмены ў кіраўніцтве дзяржаўных устаноў:

«Ідзе замена, ратацыя кадраў ва ўсіх міністэрствах, ведамствах. Гэтая практыка вядомая. Напярэдадні парлямэнцкіх, прэзыдэнцкіх выбараў мы заўсёды абнаўлялі склад і ўраду, і мясцовых органаў улады. Аблвыканкамы, гарвыканкам менскі. Абнаўлялі, каб людзі бачылі, з кім далей мы будзем працаваць, прымаючы рашэньне на тых ці іншых выбарах, — ці варта давяраць гэтай камандзе. Даўно была такая практыка мною ажыцьцёўлена. Не выключэньне і цяперашні момант... Падобныя дзеяньні з майго боку (кадры — гэта прэрагатыва прэзыдэнта) будуць працягнутыя і ў бліжэйшы час, аж да прэзыдэнцкіх выбараў».

26 студзеня падчас цырымоніі ўручэньня дыплёмаў навукоўцам Лукашэнка зноў загаварыў пра кадры.

«Ідзе зьмена пакаленьняў, і нам бы тут не памыліцца», — заявіў ён. Разважаючы пра ролю Ўсебеларускага народнага сходу (УНС), Лукашэнка зазначыў: «Гэты орган павінен падчас пераходнага пэрыяду, зьмены пакаленьняў быць на варце, ён павінен бачыць, што адбываецца».

Пасьля Адзінага дня галасаваньня Лукашэнка правёў 1 сакавіка нараду па пытаньнях арганізацыі працы Палаты прадстаўнікоў, 7 сакавіка заслухаў старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву наконт выбараў новага складу гэтага органу. І з заклапочанасьцю разважаў пра склад Усебеларускага народнага сходу: «Парлямэнт нам трэба сфармаваць, таму што роля яго ўзрастае. І гэта сябры Ўсебеларускага народнага сходу. Гэта, лічы, ядро будзе там. Гэта вельмі важна для нас».

Звонку ўсе гэтыя развагі выглядаюць трохі дзіўнымі. Зьмена пакаленьняў у кадравай сфэры — гэта працэс пастаянны, пэрманэнтны. Нібы дасюль 30 гадоў не было ратацыі кадраў, а цяпер яна пачалася. Дык не. За час кіраваньня Лукашэнкі зьмяніліся, напрыклад, 10 кіраўнікоў Адміністрацыі прэзыдэнта, 9 прэм’ер-міністраў.

Не адпавядае рэчаіснасьці сьцьвярджэньне Лукашэнкі, што «напярэдадні парлямэнцкіх, прэзыдэнцкіх выбараў мы заўсёды абнаўлялі склад і ўраду, і мясцовых органаў улады». Насамрэч зьмена ўраду адбывалася не напярэдадні, а пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі ўрадавы кабінэт складае свае паўнамоцтвы перад зноў абраным прэзыдэнтам і той фармуе новы ўрад. (Было толькі адно выключэньне: перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году, 4 чэрвеня, Лукашэнка памяняў урад, замест Сяргея Румаса прэмʼерам стаў Раман Галоўчанка).

Цяпер жа ўсё быццам бы стабільна, ня бачна нейкіх відавочных пагрозаў існай сыстэме. І, здавалася б, няма падстаў разважаць пра зьмену пакаленьняў на кіроўных пасадах, замену, ратацыю, мадэрнізацыю органаў кіраваньня. А Лукашэнку чамусьці ўсё гэта моцна непакоіць. Асабліва ён турбуецца пра дзейнасьць Усебеларускага народнага сходу. З чаго б такія хваляваньні? Падаецца, для гэтага ёсьць некалькі прычын.

1. Найперш, ён разумее праблему захаваньня сваёй палітычнай спадчыны пасьля сыходу з палітыкі, які рана ці позна павінен адбыцца хоць бы зь біялягічных прычын. Справа ў тым, што ў пэрсаналісцкай дыктатуры адсутнічаюць мэханізмы пераходу ўлады пасьля сыходу ранейшага ўладара. І часьцей за ўсё гэты працэс транзыту выклікае палітычны крызіс, які можа паставіць пад пытаньне існаваньне дзейнага рэжыму. Таму Лукашэнка і прыдумаў штучную канструкцыю ў выглядзе УНС, які «павінен падчас пераходнага пэрыяду, зьмены пакаленьняў быць на варце».

2. Сытуацыя, калі гістарычны час кіраўніка пэрсаналісцкага рэжыму набліжаецца да канца, даволі небясьпечная для яго. Намэнклятура сьмялее, статус «кульгавай качкі» стварае прастору калі не для змоваў, то для сумневаў у нязьменнасьці спраў у краіне. У адказ узьнікае імкненьне гарантаваць сваю бясьпеку ня толькі з дапамогай новага закону аб прэзыдэнце, але і з дапамогай кадравых пераменаў. Лукашэнка лічыць, што калі прызначыць на высокую пасаду новага чалавека, то ён у знак удзячнасьці будзе больш ляяльны, чым старыя кадры.

3. Не дае пра сябе забыць траўма 2020 году. Тады, што б цяпер ні казалі, хістаньні зачапілі ўсе органы дзяржаўнага кіраваньня. Што дало Лукашэнку падставу сумнявацца ў ляяльнасьці вышэйшых чыноўнікаў. Пра гэта сьведчыць тое, што з пачатку крызісу Лукашэнка замяніў практычна ўсіх кіраўнікоў сілавых структур. Склад Палаты прадстаўнікоў памяняўся на 82%, чаго раней не было. Лукашэнка неаднаразова наракаў на тое, што ў органах улады заселі схаваныя «бэчэбэшнікі».

4. Адной з праяваў таго, што намэнклятура пачынае выходзіць з-пад кантролю, стаў рост паведамленьняў пра карупцыю ў асяродзьдзі высокіх чыноўнікаў. Карупцыйныя скандалы ідуць адзін за адным. «Малочная справа», «справа ДФР», арышт экс-міністра сельскай гаспадаркі, а потым памочніка Лукашэнкі па Віцебскай вобласьці Ігара Брыло, гендырэктара БелАЗа Сяргея Нікіфаровіча. Часова затрымлівалі кіраўнікоў Берасьцейскай вобласьці і гораду Берасьця, а таксама гораду Гомля.

5. Выйшла ў публічную плашчыню пагроза з боку Расеі. Лукашэнка пакрытыкаваў намесьніка міністра МУС Мікалая Карпянкова за «пакланеньне перад вагнэраўцамі»; зацятых прыхільнікаў «рускага сьвету» не пусьцілі ў дэпутаты, а адносна некаторых зь іх ладзіцца нават судовы перасьлед (прыклад Эльвіры Мірсалімавай).

Вось Лукашэнка і непакоіцца. Але ўсе гэтыя праблемы вынікаюць з самой сутнасьці той сыстэмы, якую ён пабудаваў. І толькі кадравымі пераменамі вырашыць іх ня ўдасца.

"Свабода"