“Некалькімі гісторыямі з жыцця” пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года падзяліўся ў сваім ютуб-канале 8 сакавіка намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Усе “гісторыі” тычацца беларускіх жанчын, якія адкрыта выступілі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў, пасля блі затрыманыя і сёння з’яўляюцца палітзняволенымі.

“Я ўспамінаю [былую тэлевізійшчыцу] Ксенію Луцкіну, члена Каардынацыйнай рады, — сказаў Латушка. — Тады быў штаб Віктара Бабарыкі ў Мінску. Мы з ёй сустракаліся там амаль кожны дзень. Гутарылі пра тэлебачанне, пра тое, што трэба будзе зрабіць у новай Беларусі для свабоду СМІ”.

Палітык адзначыў, што цяпер “шмат хто кажа: [у тыя дні] трэба было абавязкова ўзяць пад кантроль дзяржаўнае тэлебачанне”.

“Я памятаю свой званок аднаму з журналістаў Белтэлерадыёкампаніі. Прасіў яго: не выходзьце [на пратэст] у пятніцу, не выходзьце ў суботу… Не пачынайце звальняцца — зрабіце гэта ў нядзелю”. Вы памятаеце, тады на масавыя акцыі людзі выходзілі, як правіла, па нядзелях. “І вось у нядзелю мы прыйдзем да вас вялікім мітынгам і зможам вас падтрымаць і ўзяць пад кантроль тэлебачанне”, — сказаў намеснік кіраўніка АПК.

Паводле яго слоў, Луцкіна ў зняволенні “сёння вельмі моцна хворая і падвяргаецца катаванням, як і ўсе беларускія палітвязні, у тым ліку жанчыны”.

“Я не быў знаёмы з Вольгай Залатар, — заявіў Латушка, — але я ніколі не забуду гісторыі, пра якія чытаў. Як яна арганізоўвала [дваровыя] чаяванні. І, вядома, я буду памятаць, як калісьці на адным з будынкаў яна намалявала мой партрэт. Вольга Залатар — маці пецярых дзяцей — сёння палітзняволеная. Як яе катавалі, казаў яе адвакат, якога таксама затрымлівалі”.

Палітык таксама ўспомніў сваю тэлефонную размову з выкладчыцай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталляй Дулінай, якая таксама ўваходзіла ў Каардынацыйную раду.

“Яна мне патэлефанавала 28 лютага 2022 года. За дзень да гэтага беларусы масава выйшлі з пратэстам супраць вайны, якую развязала Расія пры падтрымцы Лукашэнкі супраць Украіны”, — адзначыў Латушка.

На наступны дзень, дадаў ён, “планавалася чарговая акцыя”: “Зразумела, што сілавікі рыхтаваліся, зразумела, што яны ачапілі ўсе магчымыя месцы, магла адбыцца гэтая акцыя. І Наталля Дуліна спытала ў мяне, ці варта ісці на гэтую акцыю. Прызнаюся, я не стаў угаворваць яе не рабіць гэтага. Яна пайшла. Яе затрымалі, і сёння яна палітычная зняволеная”.

“Мне балюча, мне баліць. Можа быць, таму што я яе не адгаварыў, а павінен быў гэта зрабіць”, — падкрэсліў намеснік кіраўніка АПК.

“Мне ўспамінаецца Марыя Калеснікава, — адзначыў ён. — Калі я яшчэ не прыняў рашэнне ўвайсці ў Каардынацыйную раду, у нас адбылася сустрэча ў адным з бізнес-цэнтраў у Мінску. Я тады з ёй пазнаёміўся. Так, мы выдатна памятаем яе ўсмешку, яе адкрыты і заўсёды радасны твар”.

У верасні 2020 года, ужо ў эміграцыі, Латушка, паводле яго слоў, сустрэўся з міністрам замежных спраў Чэхіі.

“Гэта [былі мае] першыя паездкі да міністраў замежных спраў [еўрапейскіх краін]. Я сядзеў і глядзеў на міністра, глядзеў у велізарнае акно. З яго адкрываўся від на плошчу перад будынкам МЗС у Празе. І менавіта ў гэты момант я ўспомніў Марыю Калеснікаву. Падумаў: вось я цяпер сяджу насупраць міністра замежных спраў Чэхіі, а яна сядзіць у турме. Можа, яна сёння змагацца за сваю свабоду? На жаль, не”, — сказаў палітык.

На яго думку, яму “пашанцавала” пазбегнуць турмы, таму ён “павінен змагацца за яе свабоду”.

“Сёння я кажу не толькі ад сябе — кажу ў тым ліку і ад яе імя. Ад імя ўсіх тых жанчын, усіх палітычных зняволеных, якія ў засценках рэжыму Лукашэнкі. І мы будзем змагацца. Я веру, што мы пераможам”, — рэзюмаваў Латушка.

Калеснікава была спікерам штаба былога старшыні праўлення “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах. Пасля затрымання экс-банкіра далучылася да каманды Ціханоўскай, стаўшы адной з прадстаўніц аб’яднанага штаба разам з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Валерыя Цапкалы.

7 верасня 2020 года яе затрымалі і наступнай ноччу даставілі на мяжу з Украінай. Калеснікава адмовілася пакінуць краіну і парвала свой пашпарт. Пасля гэтага яе змясцілі ў следчы ізалятар. 6 верасня 2021 года палітвязню прыгаварылі да 11 гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (арт. 357 Крымінальнага кодэкса).

Луцкіна знаходзіцца ў няволі са снежня 2020 года. Прызнаная вінаватай паводле ч. 1 арт. 357 КК, прыгавораная да 8 гадоў пазбаўлення волі. Пакутуе анкалагічным захворваннем.

Лігвіст, дацэнт Дуліна падтрымала студэнцкі пратэст у 2020 годзе, яе некалькі разоў затрымлівалі і арыштоўвалі паводле адміністрацыйных абвінавачванняў. Пасля ўдзелу ў страйку звольненая з МДЛУ. Затрыманая па крымінальнай справе ў кастрычніку 2022 года. Пргавораная да 3,5 года пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК.

Актывістка са Ждановічаў (Мінская вобласць), маці пецярых дзяцей Вольга Залатар затрыманая ў сакавіку 2021 года. Асуджаная паводле трох “пратэстных” артыкулаў КК на 4 гады зняволення.

 "Позiрк"