Вайна Чаму трэцяя сусветная вайна можа пачацца з Беларусі? Як папярэдзіць разгаранне сусветнай вайны? Чаму беларусы не ваююць супраць Украіны, а з’яўляюцца яе натуральным саюзнікам? І чаму беларусы гэта не расіяне?

Лідар «Вольнай Беларусі» Зянон Пазьняк у інтэрв’ю каналу «Пара! Пара!» разважае пра важнае.

Лукашэнка быў на кані, калі Расія мела поспехі

Нядаўна нямецкая газета Bild абнародавала сцэнар нападу Расіі на краіны НАТА ўжо ў пачатку 2025 года. Выданне піша, што галоўная роля ў гэтым сцэнары адводзіцца Беларусі.

Ужо ў лютым 2024 года Расія можа дадаткова мабілізаваць 200 тысяч чалавек для новага наступу ва Украіне. Летам Расія арганізуе кібератакі на сістэмы НАТА, і справакуе беспарадкі ў краінах Балтыі з удзелам этнічных расіян. Адказам на «беспарадкі» стануць сумесныя вучэнні «Захад-2024» з удзелам 50 тысяч расійскіх салдат.

У снежні 2024 года Расія можа справакаваць «штучны памежны канфлікт» і «беспарадкі са шматлікімі ахвярамі», каб патлумачыць атаку на Сувалкскі калідор.

Зянон Пазьняк вельмі скептычна ацэньвае прагнозы заходніх аналітыкаў:

– Калі Расія ўмацуе свае пазіцыі, тут жа ўзмоцняцца рэпрэсіі ў Беларусі. Лукашэнка будзе подлы і наглы тады, калі будзе перамагаць Расія. Але калі поспехаў у Расіі не будзе, ён адразу пачне віляць. Тады ён можа і вязняў выпусціць, калі Расія пачне валіцца. Калі там былі поспехі, тады ён быў на кані. А цяпер поспехаў няма, але парцуе іх агентура, працуе дэзынфармацыя, працуюць СМІ, каб зрабіць выгляд, што ўсё окей, што Расія зараз усім пакажа, што і Прыбалтыку забярэ, і на Літву Лукашэнка пойдзе. Зразумейце, што гэта ёсць псіхалагічна-інфармацыйная вайна. Насамрэч сітуацыя выглядае інакш: становішча цяжкое, але не настолкі, як вяшчаюць апакаліпсы.

Беларусь натуральны саюзнік Украіны

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім прызначаны амбасадарам па асаблівых даручэннях па Беларусі. «Рашэннем Міністра замежных спраў я прызначаны амбасадарам па асаблівых даручэннях па Беларусі. Відавочна, што на дадзены момант любое пытанне, якое тычыцца Беларусі, мае «асаблівы» характар», — напісаў Ігар Кізім на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Ігар Кізім з лютага 2017 года па 22 чэрвеня 2023 года займаў пасаду ўкраінскага амбасадара ў Беларусі. Указам прэзідэнта Украіны ён быў вызвалены ад пасады пасля таго, як Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Данецкай вобласці Дзянісам Пушыліным. Украіна расцаніла гэта як спробу яго легітымізацыі і адклікала пасла для кансультацый.

Зянон Пазьняк станоўча ацаніў гэтае кадравае рашэнне афіцыйнага Кіева:

— Ёсць разумныя людзі, якія разумеюць, што Беларусь іграе вельмі вялікую стратэгічную ролю ў гэтай вайне. Калі б не захапілі Беларусь, калі б расійцы не ўвялі туды свае войскі, калі б беларусы скруцілі свайго сатрапа, які прадаў усё, то вайны не было б. Я яшчэ 20 гадоў таму, ці 30, гаварыў, што напад будзе з боку Беларусі. Украінцы бачылі асноўную небяспеку з боку Расіі, а што да Беларусі, то тут, канешне, упушчэнне.

Я думаю, што прызначэнне Кізіма спецыяльным прадстаўніком па сувязях з Беларуссю прыкмета таго, што яны пачынаюць задумвацца над гэтым. І вельмі важны аспект яшчэ і ў тым, што Кізім мае магчымасць кантактаваць і з рэжымам (яму дадзеныя такія прэрагатывы), і з нацыянальна-вызвольным рухам, які за мяжой.

Аб’ектыўна Беларусь з’яўляецца натуральным саюзнікам Украіны. Украінская палітыка павінна быць такой, каб умацаваць гэтую сувязь, умацаваць перакананне ва ўкраінцаў, што гэта саюзнік. Гэта рэальнасць: амаль 90 адсоткаў беларусаў выступаюць увогуле супраць усякай вайны, і 70 адсоткаў — супраць вайны ва Украіне. Лукашэнка гэтага разумее і баіцца за сваю ўладу, баіцца зрабіць авантурны крок, хоць Пуцін і душыць. А вось расійская агентура, расійская прапаганда ва Украіне — куды ні плюнь, абавязкова трапіш у агента. Яны ў сваіх блоках, у сваіх СМІ граюць у адну дудку: калектыўная адказнасць беларусаў, яны вінаватыя, яны ўступілі ў вайну… Ні ў якую вайну яны не ўступілі, Беларусь акупаваная краіна, беларусы ні з кім вайны не вядуць…

Лукашэнку трэба адарваць ад Пуціна

— І яшчэ важны аспект. Вельмі важна адраваць Лукашэнку ад Пуціна, даць яму поле манеўру. Гэта ворагі, зразумела, але ж ідзе вайна, гэта ворагі, якія аб’яднаныя, — трэба разарваць іх. І такія магчымасці ёсць. Вайна пачалася з Беларусі, гэта важны стратэгічны і палітычны плацдарм. Гэта харошы еўрапейскі народ, гэта не варварскія расійскія орды, якія падтрымліваюць Пуціна і гатовыя няшчасных украінцаў, якія трапілі ў палон, разарваць. І гэта важна разумець, каб не дапусціць трэцяй сусветнай вайны. Бо яна можа пачацца адсюль. Калі будуць нехарошыя з’явы ва Украіне, яны развяжуць рукі Пуціну ў Прыбалтыцы, а потым у Польшчы. Пуцін цудоўна разумее слабасць НАТА, слабасць усіх гэтых ідэй…

Няма больш прыхільнага народа да Украіны, чым беларусы. Мы ніколі не ваявалі з Украінай. Беларусы натуральны саюзнік Украіны, без усякіх праблем у мінулым. Я думаю, украінцы на правільным шляху, і ўсё ў рэшце рэшт вернецца ў нармальнае рэчышча.

BGmedia