6 сакавіка 1745 г. у Варшаве нарадзіўся Казімір ПУЛАСКІ (Казімір Міхал Вацлаў Віктар Пуласкі) — удзельнік барацьбы за свабоду двух народаў — польскага і амерыканскага, адзін з кіраўнікоў і маршалак Барскай канфедэрацыі, генерал кантынентальнай арміі ў час вайны за незалежнасць ЗША, «бацька амерыканскай кавалерыі».

Ваяваў на Украіне, у чэрвені 1769 г. рушыў з войскам да Брэста і Кобрына. У Ламзах падначаліў сабе полк Ю.Беляка, у Сухой Волі — полк А.М. Карыцкага, пасля некаторыя іншыя часці войска ВКЛ. 6 ліпеня 1769 г. у 10-гадзіннай бітве перамог расейскія войскі пад в. Кукалкі каля Ваўкавыска. У Слоніме папоўніў сваю армію рыштункам і гарматамі. 12.07.1769 г. адбіў атаку на горад расійскіх войск, якія панеслі вялікія страты, але быў вымушаны пакінуць Слонім. Адмовіўся ад марша на Нясвіж і з мястэчка Мыш з баямі рушыў на Гародню. У гэты час яго войска вырасла да 4000 чалавек. Правёў баі з расейскімі атрадамі пад Моўчаддзю (16 ліпеня) і Дварцом. Пад Гародняй перадаў камандаванне Ю.Сапегу і выехаў у Польшчу. Перамогі на тэрыторыі Беларусі зрабілі Казіміра найбольш аўтарытэтным дзеячам Барскай канфедэрацыі. У верасні 1769 г. арганізаваў новы паход на тэрыторыю Беларусі з Украіны. Каля Кобрына быў атакаваны 4 калонамі расійскіх войск і адышоў за Буг. У баях пад Арэхавам (13 верасня) і Уладавай (15 верасня) разбіты. У верасні 1770 г. яго войскі авалодалі ўмацаваным кляштарам у Чанстахове. У сувязі з замахам на Станіслава Аўгуста Панятоўскага канфедэраты рушылі ў кастрычніку 1771 г. да Варшавы, але разбіты пад Скарышэвам. У маі 1772 г. Казімір пакінуў Чанстахову і эміграваў у Саксонію, потым Францыю, Турцыю, вясной 1777 г. пераехаў у ЗША. У званні генерала кавалерыі арганізаваў там легіён з некалькіх соцень коннікаў. У сакавіку 1779 г. атрымаў перамогу над англійскім войскам пад Чарлстанам. Загінуў 11 кастрычніка 1779 г. у час аблогі Саванны.

Як нацыянальнаму герою ЗША яму пастаўлены помнікі ў Вашынгтоне, Саванне, Вэст-Пойнце.