12 траўня 1909 года (па іншых дадзеных — 15 траўня) у вёсцы Бойдаты на Ваўкавышчыне нарадзіўся дзеяч беларускага міжваеннага руху ў Заходняй Беларусі, дырэктар Беларускай Друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні Язэп НАЙДЗЮК.

Па вайне ён апынуўся ў Польшчы ў горадзе Інаўроцлаў, дзе да мерці хаваўся ад пераследу савецкіх уладаў пад чужым прозвішчам.

Вучыўся ў сярэдняй школе ў Бойдатах і Вярэйках Ваўкавыскага павета. Пасля сканчэння школы паступіў у Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, аднак з фінансавых прычын быў вымушаны перапыніць навучанне. Увосень 1925 г. перабраўся ў Вільню, напачатку працаваў на транспарце. Як вольны слухач, навучаўся на гістарычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, чаму спрыялі беларускія дзеячы ў Вільні Ф. Ярэміч і А. Станкевіч. Працаваў друкаром у Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, хутка стаў яе дырэктарам (1926—1941 гг.). Належаў да БХД. Рэдагаваў часопіс «Шлях моладзі» (1929-39 гг.), адзін з найбольш папулярных у Заходняй Беларусі. Часопіс быў зачынены польскімі ўладамі, у жніўні 1939 г. рэдактар Я. Найдзюк, выдаўцы і члены рэдакцыйнай калегіі арыштаваныя і зняволеныя ў лагеры Картуз-Бяроза. Вызвалены пасля заняцця Бярозы часцямі Чырвонай Арміі (верасень 1939 г.), вярнуўся ў Вільню, працягваючы працу ў беларускіх нацыянальных арганізацыях, таксама пасля перадачы Вільні савецкім урадам Літве. Аўтар папулярнага нарысу гісторыі Беларусі «Беларусь учора і сёння» (1940 г.).

У час Другой сусветнай вайны з восені 1941 г. жыў у Менску, працаваў у школьным інспектараце. Спачатку займаўся выданнем часопіса «Беларуская школа». З канца 1942 г. стаў тэхнічным кіраўніком «Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску» (ВШПЛМ), супрацоўнічаў з менскімі газетамі. Быў намеснікам члена Галоўнай рады Беларускай народнай самапомачы. У 1943 г. (на вокладцы 1944 г.) у Менску было выпушчана (кірылічным шрыфтам) другое, значна пашыранае выданне кнігі «Беларусь учора і сёння», якая ў 1944 г. выкарыстоўвалася як падручнік у школах на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь.

Улетку 1944 г.  выехаў у Нямеччыну, жонка з дзецьмі засталася ў Беларусі. Пасля вайны Я. Найдзюк, хаваючыся ад савецкай дзяржбяспекі, пераехаў у Польшчу, дзе жыў у Інаўроцлаве пад імем Юзафа Александровіча. Працаваў дырэктарам Куяўскай друкарні, якую пабудаваў у пачатку 1970-х гг., быў вядомым у горадзе адмыслоўцам-паліграфістам. Займаўся мясцовым краязнаўствам («Inowroclaw i okolice»). Пісаў артыкулы ў беларускую эмігранцкую прэсу, сувязь з беларускім рухам падтрымліваў праз свайго брата Чэслава Найдзюка, які жыў у Амерыцы. Вёў ліставанне з Л. Геніюш, Ю. Туронкам, К. Грынкевічам і інш. Аўтар некролагаў, ўспамінаў, захаваліся дзённікі Юзафа Александровіча, а таксама папулярны падручнік гісторыі Беларусі для моладзі «Пазнавайма гісторыю беларускага народу» (напісаны ў 1960-я гг., застаўся ў рукапісе).

Памёр 14 лютага 1984 г. Пахаваны ў Інаўроцлаве.

На 20-я ўгодкі (14.02.2004 г.) смерці грамадскасць Інаўроцлава ўшанавала яго памяць адкрыццём памятнай шыльды на друкарні, імшой у касцёле св. Юзафа, навукова-папулярнай сесіяй («Józef Aleksandrowicz — Jazep Najdziuk (1909—1984). Osoba i dzieło») і выстаўкай, прысвечанай Язэпу Найдзюку (Юзафу Александровічу). У 2006 годзе жыхары Інаўроцлава ўсталявалі мэмарыяльную шыльду на будынку, у якім жыў Язэп Найдзюк. І толькі адна Ваўкавышчына маўчыць, нібыта не ведае імя выдатнага земляка.

Фота Беларуская Нацыянальная Памяць