Ларыса Антонаўна Геніюш, беларуская паэтка, пісьменніца і грамадскі дзеяч, добра вядомая ў Беларусі і за мяжой, была рэпрэсавана ў 1949 годзе і дагэтуль не рэабілітавана. Яе творы, прасякнутыя любоўю да беларускага народа і Беларусі, нават выключаныя са школьнай праграмы.

Імя паэтэсы Ларысы Геніюш у гісторыі беларускай літаратуры стаіць поруч з імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі. Пра высакароднасць яе думак і пачуццяў сведчаць яе кнігі «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982), «Выбраныя творы» (2000, класічная серыя «Беларускі кнігазбор»), «Каб вы ведалі» (2005). Па матывах яе аўтабіяграфічнай кнігі «Споведзь» на кінастудыі «Беларусьфільм» зняты мастацкі фільм «Птушкі без гнёздаў», пастаўлены спектакль «Белы сон». На студыі «Летапіс» пра яе зняты дакументальны фільм «Вянок цярновы васількоў». У раённых цэнтрах Зэльва і Старыя Дарогі пастаўлены помнікі Ларысе Геніюш.

Аднак, пры гэтым усім яна не з’яўляецца прызнанай беларускай паэткай, яе рэабілітацыя так і не праведзена. Не ладзяцца афіцыйныя святочныя імпрэзы, прысвечаныя яе памяці, яе творы не вывучаюць у школах. Паэтка прайшла складаны шлях пры жыцці, але і пасля смерці не знаходзіць свайго месца ў роднай краіне.

Ларыса Геніюш, ураджэнка хутара Жлобаўцы Ваўкавыскага павета, у перыяд масавых рэпрэсій у 1937 г. была вымушана з’ехаць з Беларусі ў Прагу да мужа. Стала грамадзянкай Чэхаславакіі, але па патрабаванні ўрада СССР у 1948 годзе яе незаконна пазбавілі грамадзянства, дэпартавалі ў БССР і несправядліва асудзілі. На судовым паседжанні Геніюш тлумачыла: «Усё, што я пісала, артыкулы, вершы, не насіла характару антысавецкага, я любіла толькі народ і пісала толькі для беларускага народа».

Ларыса Геніюш падлягае рэабілітацыі ў адпаведнасці з пастановай Верхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб парадку рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій 20-80-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь» ад 06.06.1991 г.

Моладзь БНФ заклікае ўсіх неабыякавых людзей, якія паважаюць памяць нашай зямлячкі, падтрымаць кампанію!

Вы можаце падпісаць электронную петыцыю за рэабілітацыю Ларысы Геніюш. Запоўніце, калі ласка, абавязковыя палі і націсніце «Адправіць». Вашы кантактныя дадзеныя будуць прымацаваныя да калектыўнага звароту і накіраваныя праз электронную форму, размешчаную на сайтах дзяржаўных органаў.

Паводле moladz.info